BE RU EN

Мікалай Аўтуховіч будзе адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Івацэвічах

  • 28.05.2010, 9:14

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч павінен адбываць пакаранне ў выпраўленчай калоніі ў Івацэвічах (Берасцейская вобласць).

Пра гэта стала вядома з афіцыйнага адказу на ліст маці Аўтуховіча, якая прасіла прызначыць яму адбыццё пакарання ў Ваўкавыску, дзе яна жыве. У любы час Аўтуховіч можа быць пераведзены ў Івацэвічы. "Прысуд набыў сілу, і ён павінен адбыць па месцы пакарання", - паведаміў БелаПАН юрыст і праваабаронца Алег Воўчак ..

Пакуль жа асуджаны знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Менску. "Яму неабходная дапамога зубапратэзнага ўрача. Дамаўляемся з аднаго клінікай, каб ён прайшоў адпаведнае абследаванне. Спадзяемся, яму дазволяць пакуль заставацца ў Менску", - адзначыў Воўчак.

Асуджаны разам з Аўтуховічам Уладзімір Асіпенка пакуль таксама знаходзіцца ў Менску. Па словах Воўчака, яму крыху змякчылі умовы зняволення, перавёўшы ў іншую камеру.

Праваабаронца мяркуе, што затрымка з адпраўленнем Аўтуховіча і Асіпенкі па месцы адбыцця пакарання можа быць звязанае з магчымым ужываннем у дачыненні да іх амністыі. "Не выключана, што ўлады чакаюць, калі набудзе сілу амністыя. Тады ў дачыненні да Аўтуховіча і Асіпенкі можа быць змякчанае пакаранне і не будзе сэнсу накіроўваць іх у турму", - кажа Воўчак.

Нагадаем, 6 траўня Вярхоўны суд Беларусі абвясціў прысуды па так званай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Аўтуховіч прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі і прысуджаны да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Асіпенку суд прызнаў вінаватым у захоўванні і перавозцы зброі і выбуховых рэчываў, ён асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Асуджаныя сваёй віны не прызнаюць. Праваабаронцы расцэньваюць гэтую крымінальную справу як палітычна матываваную.

Апошнія навіны