BE RU EN

У Беларусі аб'яўлены каранцін з-за шаленства кароў

  • 4.05.2010, 12:16

Каранцін з-за шаленства аб'яўлены на ферме СВК «Лоск» Валожынскага раёна Менскай вобласці.

Аб гэтым «Беларускім навінам» паведамілі ў Гародзькаўскім сельсавеце, на тэрыторыі якога размешчаная гаспадарка.

Прафілактычныя меры былі ўведзеныя пасля таго, як Менская абласная ветэрынарная лабараторыя правяла даследаванне мозгу памерлай на ферме каровы і 28 красавіка пацвердзіла факт шаленства. Валожынскай райветстанцыяй аператыўна праведзеная вакцынацыя працоўнага персаналу і буйнай рагатай жывёлы, якія кантактавалі з хворай жывёлай. Зараз пад наглядам знаходзяцца 4 чалавекі і 71 карова. Паўторная вакцынацыя пройдзе ў дваццатых датах траўня.

Вяскоўцы мяркуюць, што на шаленства жывёла магла заразіцца на выгане ад укусу хворай лісы.

Паводле дадзеных Рэспубліканскага цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, у апошнія гады ў Беларусі менавіта лісы з'яўляюцца галоўнымі пераносчыкамі небяспечнай інфекцыі. На іх долю выпадае 60% лабараторна пацверджаных выпадкаў шаленства. А ў 13% выпадкаў ахвярай шаленства становіцца буйная рагатая жывёла.

Даведка. За першыя тры месяцы 2010 года ў Беларусі зафіксавана 233 выпадкі шаленства сярод жывёл. З іх 174 выпадкі прыпадае на ліс. З пачатку года ад шаленства загінулі 12 галоў буйной рагатай жывёлы і 2 кані. У 2009 годзе ў краіне было зарэгістравана 995 выпадкаў шаленства.

Апошнія навіны