BE RU EN

У Беларусі пройдуць моцныя залевы і град

  • 1.06.2010, 11:41

Над Еўропай кружляе новы цыклон, які можа прынесці чарговыя паводкі.

Еўропа зноў пад пагрозай затаплення. Разам з Польшчай і Германіяй у зону рызыкі трапляе і нашая краіна. Практычна ўвесь тыдзень над еўрапейскімі краінамі будзе кружляць чарговы цыклон, які прынясе з сабой моцныя залевы і град. І калі ў першай палове тыдня будзе досыць цёпла, дык ўжо да выходных пахаладае.

-У першыя летнія дні ў Беларусь будуць паступаць даволі цёплыя, але вільготныя паветраныя масы з Чорнага мора. Таму на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, прагрымяць навальніцы, у асобных раёнах - моцныя залевы, - распавяла «Комсомольской правде в Беларуси» галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава. - Чакаецца шквалістае ўзмацненне ветру да 15 - 20 метраў у секунду, дзе-нідзе магчымы град. Пры гэтым тэмпература паветра ўначы будзе вагацца ад 11 да 18 градусаў цяпла, а удзень ад +20 да +28 градусаў. У сярэдзіне тыдня на ўсходзе слупкі тэрмометра могуць дасягнуць +30 градусаў.

У пятніцу характар надвор'я істотна не зменіцца, але пры гэтым дзённая тэмпература на пару градусаў знізіцца. У канцы тыдня атмасферны ціск пачне паступова расці. Аднак у суботу ў шматлікіх раёнах пройдуць дажджы, прагрымяць навальніцы. Пры гэтым тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе знаходзіцца ў межах +5… +12 цяпла, а ўдзень - +16… +23.

Травень ужо стаў рэкардсменам па колькасці дажджоў. Пакуль першая палова чэрвеня абяцае быць не менш плаксівай.

- Мы служба пастаяннай гатоўнасці і круглыя суткі да ўсяго гатовыя, - каментуе «КП» прэс-сакратар МНС Віталь Навіцкі. - Напрыклад, падчас леташняй ліпеньскай залевы ўсе службы горада за 30 хвілінаў былі пераведзеныя на ўзмоцнены варыянт нясення.

- У Польшчы спыніць паводкі спрабуюць мяшкамі з пяском. Можа, Беларусь ужо таксама закупляе пясок?

- У выпадку стыхійнага бедства ствараецца камісія па надзвычайных сітуацыях. У яе ўваходзяць не толькі супрацоўнікі МНС, але і энергетыкі, камунальнікі, будаўнікі… У МНС няма неабходнасці закупляць мяшкі з пяском - гэта задача «Рэмаўтадара».

Застаецца спадзявацца, што ў хуткім часе Беларусь не «паплыве». Хаця на Беларусь і абрынуцца залевы, але яны будуць кароткачасовымі.

Падчас паводкі ў Польшчы загінулі 17 чалавек

Два тыдні Польшчу проста залівала! Такіх моцных дажджоў у краіне не было больш за 150 гадоў. У выніку паводкі 17 чалавек загінулі, пацярпела сто тысячаў сем'яў. Цяпер шкода ацэньваецца ў 2 мільярды еўра.

Апошнія навіны