«Intex-press» не вярнулі ў дзяржаўную сістэму распаўсюду
- 14.06.2010, 13:43
Безвынікова скончылася спроба баранавіцкай незалежнай газеты «Intex-press» трапіць у дзяржаўную сістэму распаўсюду ў II паўгоддзі 2010 года.
На чарговы зварот газеты аб уключэнні незалежнага выдання ў дзяржаўную сістэму распаўсюду рэдакцыя атрымала чарговыя адмовы, паведамляе прэс-служба БАЖ.
РУП «Белпошта» ізноў вырашыла, што супрацоўніцтва з самым папулярным выданнем у Баранавіцкім рэгіёне «немэтазгоднае», а гандлёвае рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Брэстаблсаюздрук» зноў паскардзілася на «вялікую загружанасць гандлёвай сеткі Баранавічаў, Ляхавічаў, куды трапляе больш за 700 найменаванняў перыядычных выданняў пры магчымасці тыповага шапіку адначасова размесціць 250–300 найменаванняў».
Берасцейскі філіял «Белпошты» на прапанову «Intex-press» аб супрацоўніцтве пакуль нічога не адказаў, але ў рэдакцыі няма на гэты конт вялікіх надзеяў.