Пеня за пратэрмінаванне камунальных плацяжоў вырасце
- 16.06.2010, 13:46
Пеню за пратэрмінаванне камунальных плацяжоў плануецца павялічыць з 0,3% да 0,5% за кожны дзень пратэрмінавання.
Пра гэта распавёў генеральны дырэктар ДВА «Менская гарадская камунальная гаспадарка» Уладзімір Рэентовіч на прэс-канферэнцыі ў Менгарвыканкаме, перадае «Інтэрфакс».
Уладзімір Рэентовіч патлумачыў, што паводле пастановы Саўміна ад 25 жніўня 1999 г. №1332 прадугледжаная пеня ў памеры 0,5%, пазней гэты адсотак быў зніжаны: «Мы ўнеслі прапанову адмяніць пастанову, якая зніжае суму пені, і перайсці назад да пастановы №1332».
Уладзімір Рэентовіч папярэдзіў, што аплачваць паслугі лепш загадзя і не цягнуць да 25-га дня месяца: «Пошта забяспечвае пацверджанне праходжання аплаты толькі на працягу трох дзён. Гэта значыць калі вы аплаціце ў лютым 25-га дня месяца, дык 27-га гэтыя грошы не будуць залічаныя, і вы патрапіце ў даўжнікі. Я б папрасіў насельніцтва ўлічваць гэты факт. Калі вы аплацілі 25-га дня месяца, пажадана паведаміць гэтую інфармацыю ў свой разлікова-даведачны цэнтр».
Таксама на прэс-канферэнцыі было адзначана, што асноўнымі мерамі ўздзеяння на даўжнікоў з'яўляюцца папярэджанне і адключэнне камунальных паслугаў. Існуе і больш радыкальны метад: сёлета ў суд пададзена 165 пазоваў на высяленне па 71-м артыкуле Жыллёвага кодэкса РБ «Высяленне з падаваннем грамадзянам жылога памяшкання менш за займанае». Восем пазоваў прынятыя да выканання, з іх 7 з падаваннем жылля і адзін з высяленнем.