BE RU EN

Мікалай Аўтуховіч прыпыніў галадоўку

  • 25.06.2010, 8:36

Але палітвязень можа аднавіць галадоўку, і не выключана, што яна станецца «сухой».

Ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч прыпыніў галадоўку, абвешчаную ім у следчым ізалятары № 1 Менска. Пра гэта паведаміў БелаПАН яго адвакат Павал Сапелка.

Аўтуховіч абвясціў галадоўку 16 чэрвеня. Доўгі час ён безвынікова дамагаецца аказання яму медыцынскай дапамогі па пратэзаванні зубоў. Як першы крок да вырашэння гэтай праблемы асуджаны запатрабаваў сустрэчы з намеснікам начальніка па медыцынскай частцы дэпартамента выканання пакаранняў МУС.

Па словах Сапелкі, Аўтуховіч дамогся выніку на першым этапе выканання яго патрабаванняў. «Адміністрацыя калоніі ўсё ж такі выканала сваё абяцанне і арганізавала яму сустрэчу з чыноўнікам, які адказвае ў дэпартаменце выканання пакаранняў за аказанне медыцынскіх паслугаў. У выніку сустрэчы, якая прайшла 22 чэрвеня, была дасягнутая дамоўленасць, што на працягу двух дзён да Аўтуховіча прыедзе спецыяліст, які яго агледзіць наконт магчымасці аказання дапамогі па пратэзаванні зубоў», - сказаў адвакат.

Ён лічыць, што дапамогу Аўтуховічу могуць аказаць толькі ў Менску. «На час лячэння Аўтуховіч павінен знаходзіцца ў сталіцы. Калі гэтага не адбудзецца, калі яго адправяць у калонію, дык паўнавартасная дапамога аказаная не будзе. Тады Аўтуховіч можа аднавіць галадоўку, і я не выключаю, што ў гэтым выпадку яна станецца «сухой», - заявіў Сапелка.

Як паведаміў праваабаронца Алег Воўчак, цалкам магчыма, што на час лячэння і пратэзавання зубоў Аўтуховіча перавядуць з СІЗА № 1 у іншае месца. «Зубны кабінет, які быў у СІЗА, расфармаваны два гады таму нібыта як непатрэбны. Таму Аўтуховіча прыйдзецца кудысьці перавесці», - адзначыў Воўчак.

На яго думку, сваёй галадоўкай Аўтуховіч вырашае не толькі свае праблемы, але і праблемы «усіх, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, - гэта каля 37 тыс. чалавек». «У нас людзі сядзяць у турмах па 10-15 гадоў і часта не могуць атрымаць такую ж медыцынскую дапамогу, у якой мае патрэбу Аўтуховіч. Таму яго галадоўка важная і для іх», - сказаў Воўчак.

6 траўня Вярхоўны суд прысудзіў Аўтуховіча да пяці гадоў і двух месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў калоніі строгага рэжыму. Ён прызнаны вінаватым у перавозцы і захоўванні пяці патронаў да паляўнічай вінтоўкі.

Праваабаронцы лічаць Аўтуховіча і іншых асуджаных па крымінальнай справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў палітвязнямі, зазначаючы сур'ёзныя працэсуальныя парушэнні, зафіксаваныя падчас суду.

47-гадовы Мікалай Аўтуховіч ужо неаднаразова праводзіў галадоўкі пратэсту. Яго апошняя галадоўка доўжылася з 16 красавіка па 16 ліпеня 2009 года. За гэты час Аўтуховіч схуднеў на 35 кг.

Апошнія навіны