BE RU EN

Штраф за «Свабоду інтэрнэту!»

  • 25.06.2010, 8:53

Удзельнікі мітынгу з патрабаваннем свабоды інтэрнэту правялі ноч у турме, а затым былі асуджаныя.

На мітынгу супраць указу № 60, які быў жорстка разагнаны, былі затрыманыя 9 нацыянал-бальшавікоў. Пасля дастаўкі іх у аддзяленне міліцыі, чатырох нацболаў адпусцілі, а астатніх адправілі на ноч у ізалятар часовага ўтрымання.

24 чэрвеня ў судзе Цэнтральнага раёна горада Менска была разгледжаная справа удзельнікаў мітынгу. Лідэру беларускіх нацыянал-бальшавікоў Яўгену Контушу далі штраф у памеры 25 базавых велічыняў (875000 беларускіх рублёў), а чатыром ўдзельнікам па 5 (175000 беларускіх рублёў).

Нагадаем, што 23 чэрвеня ў Менску быў разагнаны АМАПам мірны мітынг супраць ўвядзення ў сілу з 1 ліпеня Указа № 60 «Аб мерах па ўдасканаленні выкарыстання нацыянальнага сегмента сеткі Інтэрнэт», які закліканы зрабіць больш жорсткім кантроль беларускіх уладаў за інтэрнэт-прасторай у рэспубліцы.

У 19 гадзінаў 9 чалавек выйшлі на плошчу Свабоды, трымаючы ў руках аркушы фармату А4 з надпісам «Свабоду інтэрнэту». Удзельнікі акцыі былі апранутыя ў майкі з выявай чырвонага перакрэсленага круга і надпісам унутры «Указ № 60», а таксама з надпісам «Свабоду інтэрнэту». Маладыя людзі прастаялі каля трох хвілінаў, пасля чаго супрацоўнікі АМАПу, якія падышлі, затрымалі іх, пасадзілі ў аўтазак і павезлі ва УУС Цэнтральнага раёна.

Актывісты нацыянал-бальшавіцкага руху падавалі заяўку на правядзенне на плошчы Свабоды мітынгу за свабоду інтэрнэту, аднак Менгарвыканкам не санкцыянаваў мерапрыемства.

Апошнія навіны