BE RU EN

Міліцыя абшукала дом актывісткі Саюза палякаў Тэрэсы Собаль (Абноўлена)

  • 28.06.2010, 11:04

28 чэрвеня ў хаце актывісткі непрызнанага Саюза палякаў у Беларусі Тэрэсы Собаль у Івянцы прайшоў ператрус у межах узбуджанай супраць яе крымінальнай справы.

Крымінальная справа была прыпыненая, але праз два дні пасля адстаўкі Анжалікі Борыс была адноўленая.

«Беларускія ўлады палічылі вельмі вялікай перамогай адстаўку Анжалікі Борыс. Менавіта таму пачалася чарговая хваля ціску на актывістаў Саюза палякаў», - кажа старшыня галоўнай рады СПБ Андрэй Пачобут.

Паводле яго словаў, 24 лютага начальнік следчага аддзела Валожынскага РАУС Менскай вобласці Аляксандр Шульга спыніў гэтую крымінальную справу ў сувязі з заканчэннем тэрміна даўнасці. «Аднак, як высветлілася, той жа самы Шульга аднавіў крымінальную справу і падпісаў ордэр на ператрус хаты Собаль і дапаможных памяшканняў — хлява на тэрыторыі прыватнай хаты, дзе жыве Собаль. Супрацоўнікі міліцыі шукалі, як вынікае з пастановы аб ператрусе, «прылады злачынства» — кампутары і носьбіты інфармацыі. Але нічога такога кшталту не знайшлі, ператрус прайшоў безвынікова», — паведаміў Пачобут.

Аднаўленне крымінальнай справы ў дачыненні да актывісткі СПБ ён расцэньвае як «відавочную палітычную замову ўлады, накіраваную на тое, каб дэмаралізаваць сябраў неафіцыйнага Саюза палякаў у Беларусі». «Мабыць, улада вырашыла, што дамаглася поспеху, вымусіўшы сысці ў адстаўку з пасады старшыні СПБ Анжаліку Борыс. Зараз улады вырашаюць замацаваць гэты поспех, запалохваючы астатніх сябраў саюза», — мяркуе Пачобут.

18 снежня 2009 года ў дачыненні да Собаль была ўзбуджаная крымінальная справа. Яна абвінавачваецца ў злоўжываннях пасля атрымання ў 2004 годзе матэрыяльнай дапамогі ад кіраўніцтва СПБ, яшчэ да таго як гэтае аб'яднанне раскалолася на дзве структуры - прызнаную беларускімі ўладамі і неафіцыйную.

Ператрус праводзілі прадстаўнікі Валожынскага РАУС.

Апошнія навіны