Выбары ў Польшчы – Качыньскі здаганяе Камароўскага
- 7.06.2010, 11:53
Браніслаў Камароўскі захоўвае высокі рэйтынг, аднак колькасць прыхільнікаў Яраслава Качыньскага ўвесь час расце.
Пра гэта сведчаць вынікі даследавання, праведзенага на замову «Gazety Wyborczej» у канцы траўня, піша «Наша Ніва».
Паводле вынікаў апытання, рэйтынг Браніслава Камароўскага ўвесь час трымаецца на ўзроўні 50%, у той час як Яраслаў Качыньскі змог павялічыць колькасць сваіх прыхільнікаў з 30% да 38%.
Калі б выбары адбыліся проста зараз, дык у першым туры за Камароўскага гатовыя аддаць свае галасы палова польскіх выбаршчыкаў, за Качыньскага — 38%. У другім туры, калі ён усё ж адбудзецца — адпаведна 56% і 40%.
Акрамя двух згаданых кандыдатаў больш-менш сталай падтрымкай можа пахваліцца толькі лідэр партыі SLD Гжэгаж Наперальскі. За яго кандыдатуру гатовыя прагаласаваць 5% палякаў. Падтрымка для іншых кандыдатаў вагаецца ў межах статыстычнай памылкі.
Нагадаем, што датэрміновыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца ў Польшчы 20 чэрвеня. Рашэнне аб іх правядзенні было прынятае пасля трагічнай гібелі былога прэзідэнта Леха Качыньскага ў авіякатастрофе пад Смаленскам.