Палітвязню Аўтуховічу адмаўляюць у неабходным лячэнні
- 7.06.2010, 12:58
Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча трымаюць у следчым ізалятары ў Менску і адмаўляюць у прадастаўленні неабходнага лячэння.
Там жа знаходзіцца і Уладзімір Асіпенка. Адваката Паўла Сапелку вельмі непакоіць тая акалічнасць, што і праз месяц пасля вынясення прысуду Мікалай Аўтуховіч не вырашыў праблемы са здароўем.
«Хворыя зубы яму не пратэзуюць. Ён просіць пераводу ў медыцынскую частку - таму што стаў сябе горш адчуваць - не пераводзяць. Рука дагэтуль не аднавіла рухомасць. Думаем, нам прыйдзецца звяртацца ў міжнародныя арганізацыі, каб яны дапамаглі Аўтуховічу аднавіць свае правы, паколькі нашыя органы выканання пакарання не ў стане выканаць сваю працу», - сказаў Павал Сапелка «Радыё Свабода».
Разам з тым, Мікалаю Аўтуховічу вярнулі некаторыя рэчы, якія былі забраныя пасля арышту 8 лютага 2009 года. Вярнулі ноўтбук, відэакамеру, мадэль яхты, якую, лічылі следчыя, Аўтуховіч збіраецца выкарыстоўваць як бомбу для тэракту. М.Аўтуховіч неаднаразова называў бязглуздзіцай версію следства аб мадэлі яхты ў якасці бомбы. Вярхоўны суд версію адхіліў, але прысудзіў Мікалая Аўтуховіча да пяці гадоў і 2 месяцаў зняволення за незаконныя дзеянні з боепрыпасамі.
У менскім СІЗА трымаюць і Уладзіміра Асіпенку, асуджанага на тры гады пазбаўлення волі. Яго дачка Людміла Асіпенка ўжо тыдзень не атрымлівае ад бацькі лістоў:
«Я ўжо непакоюся, можа, яго куды перавялі, што не піша. Не ведаю, чаму. У любым выпадку я яму пісала і, калі б яго перавялі, дык мне вярнулі б лісты. Апошні ліст ад яго было ў мінулую суботу, пісаў, што ўсё ў парадку».