BE RU EN

Дар'я Домрачава атрымала спецыяльны прыз МАК

  • 2.07.2010, 16:51

23-гадовай беларускай біятланістцы Дар'і Домрачавай уручаны спецыяльны прыз Міжнароднага алімпійскага камітэта «Спорт, які натхняе моладзь».

Цырымонія прайшла 2 ліпеня ў Музеі алімпійскай славы ў Менску, паведамляе БелаПАН.

Дар'я Домрачава ўганараваная ўзнагародай як «маладая, перспектыўная і паспяховая спартсменка, якая спалучае ў сабе ўсе станоўчыя якасці прадстаўніка алімпійскага руху Рэспублікі Беларусь».

На зімовай Алімпіядзе ў Ванкуверы Домрачава стала бронзавым прызёрам у індывідуальнай гонцы на 15 км, а ў агульным заліку Кубка свету заняла шостае месца.

«Узнагарода вельмі нечаканая і ганаровая, і я ўдзячная за яе, - заявіла журналістам Дар'я Домрачава. - Нашыя перамогі натхняюць маладое пакаленне на такія ж высокія спартыўныя вынікі, на імкненне да перамогі. Калі мы вярнуліся з Ванкувера і выйшлі ў залу чакання аэрапорта, дык ўбачылі вялізную колькасць дзетак і іх вочы, якія свяціліся ад радасці. Гэта было вельмі прыемна».

Зараз спартсменка рыхтуецца да новага сезону. Напярэдадні зборная вярнулася з Аўстрыі. «Мэта на новы сезон - не спыняцца, ісці наперад», - сказала Домрачава, адзначыўшы, што не ставіць перад сабой задачаў заняць пэўнае месца.

Апошнія навіны