Беларускія сіноптыкі абяцаюць паслабленне спякоты
- 23.07.2010, 17:33
Паслабленне спякоты ў Беларусі абяцаюць сіноптыкі ў пачатку будучага тыдня, але папярэджваюць, што ў выходныя будзе яшчэ вельмі горача.
«26 ліпеня з Карпатаў ў Беларусь прыйдзе халодны атмасферны фронт, які выцісне спякотнае субтрапічнае паветра на паўночны ўсход Беларусі», - паведаміла агенцтву «Інтэрфакс» у пятніцу галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.
«Уначы месцамі, днём - на большай частцы тэрыторыі Беларусі, 26 ліпеня пройдуць кароткачасовыя дажджы, у некаторых раёнах - навальніцы. Тэмпература паветра ўначы будзе 16-22 градусы, днём у паўднёва-заходняй частцы краіны прагназуецца паслабленне спякоты да 21-28, але на паўночным усходзе паветра прагрэецца да +29-33», - паведаміла В. Фядотава.
У бліжэйшую суботу ў Беларусі захаваецца гарачае надвор'е, але ў асобных раёнах пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі, удакладніла спецыяліст.
«Тэмпература паветра ўначы чакаецца 16-22 градусы, днём - 30-35 цяпла. У нядзелю ўва многіх раёнах рэспублікі захаваецца гарачае надвор'е. Месцамі пройдуць кароткачасовыя дажджы з навальніцамі. Тэмпература паветра ў начныя гадзіны чакаецца 16-22, днём - +30-34, па поўдні спякота спадзе да 27-29 градусаў», - удакладніла В. Фядотава.
У сваю чаргу намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Менскай станцыі хуткай медыцынскай дапамогі Вольга Шаранова лічыць, што менчукі ўжо адаптаваліся да анамальнай спякоты.
«Статыстыка і аналіз паступаючых выклікаў сведчаць, што менчукі ўжо неяк адаптаваліся да спякоты», - адзначыла суразмоўца агенцтва. «Колькасьць выклікаў хуткай дапамогі па Менску за апошні тыдзень стабілізавалася - іх ізноў стала каля 1,5 тысячы», - паведаміла А. Шаранова. Разам з тым, яна нагадала, што першыя 10 дзён спякоты прынеслі павелічэнне выклікаў у Менску з прычыны цеплавых удараў, сонечных апёкаў, ангіны, сардэчных прыступаў і беспрытомнасці.