Забаронены закуп імпартнай сельгастэхнікі - «каб не трасціся з-за валюты»
- 26.07.2010, 8:59
Аляксандр Лукашэнка ў часе паездкі ў Брэсцкую вобласць запатрабаваў спыніць закупы імпартнай сельгастэхнікі, аналагі якой вырабляюцца ў Беларусі.
«Нам трэба спыніць купляць імпартную тэхніку», - сказаў ён. Па словах беларускага кіраўніка, імпартная тэхніка добра працуе, але праз некалькі гадоў пачынае «сыпацца», а запчасткі для яе дорага каштуюць.
«Калі важная кожная гадзіна, імпартны камбайн можа прастойваць некалькі дзён у чаканні падвозу дэталяў. Гэтыя свавольствы з імпартнай тэхнікай трэба заканчваць. Нашыя камбайны не горшыя, уздымаюць хлеб яны не горш. Трэба купляць айчынныя, гэта хуткасці, тэмпы, і ёсць з каго спытаць», - цытуе Лукашэнку БелТА.
Агулам, кажучы аб неабходнасці нарошчвання экспарту сельгаспрадукцыі, ён падкрэсліў: «Калі мы не хочам «трасціся» за валюту, нам трэба прадаваць на $ 7-10 млрд.».