Парламент Вялікабрытаніі за супрацоўніцтва з беларускай апазіцыяй (Фота)
- 26.07.2010, 9:55
У Вялікабрытаніі працягваецца кампанія «Салідарнасць з Беларуссю».
Беларускі Свабодны тэатр завяршыў тыднёвы візіт у Лондан, арганізатарам якога выступіла вядучая брытанская праваабарончая арганізацыя Index on Censorship. Мэтай візіту стаў працяг глабальнай артыстычнай кампаніі «Салідарнасць з Беларуссю», ініцыяванай беларускім тэатральным калектывам, і падтрыманай брытанскімі тэатральнымі, грамадскімі і палітычнымі дзеячамі.
У праграму візіту ўвайшлі сустрэчы з прадстаўнікамі брытанскай творчай эліты, журналістамі, грамадскімі дзеячамі і палітыкамі, якія падтрымалі ініцыятыву Беларускага Свабоднага тэатра. Знакавым стаўся факт таго, што пачатак візіту і яго заканчэнне былі адзначаныя сустрэчамі з прадстаўнікамі тэатральных колаў Вялікабрытаніі, бо менавіта людзі тэатра першымі адгукнуліся на заклік беларускіх тэатралаў падтрымаць Беларусь, якая знаходзіцца сёння ў складанай палітычнай сітуацыі.
Адной з акцыяў салідарнасці стаў выхад брытанскіх драматургаў, рэжысёраў і акцёраў да амбасады Беларусі ў Лондане. Акцыя, ініцыяваная выдатным брытанскім драматургам сэрам Томам Стопардом і акцёрам і рэжысёрам Сэмам Уэстам, выклікала вялікі рэзананс у сродках масавай інфармацыі, які адбіўся і на візіце Беларускага Свабоднага тэатра, што апынуўся ў цэнтры ўвагі брытанскай прэсы. Па выніку паездкі, матэрыялы пра беларускую сітуацыю выйшлі на сусветнай, брытанскай і расейскай службах дзяржаўнай вяшчальнай карпарацыі BBC, у газетах The Independent, Observer і The Guardian, на старонках часопіса Economist.
Праграма візіту выйшла па-за межы стасункаў з прадстаўнікамі сферы культуры, і жаданне сустрэцца з кіраўніцтвам Свабоднага тэатра выказалі прадстаўнікі Міністэрствы замежных справаў і Парламента. На сустрэчы, якая праходзіць у Вестмінстары, чалец Парламента Пол Фарэлі запэўніў кіраўніцтва тэатра ў тым, што ў хуткім часе прыступіць да стварэння беларускай групы ў дэпутацкім корпусе. Стварэнне падобнай парламенцкай структуры закліканае палегчыць арганізацыю кантактаў паміж брытанскімі палітыкамі і прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі.
Вядучая брытанская праваабарончая арганізацыя Index on Censorship, якая стала брытанскім партнёрам Беларускага Свабоднага тэатра ў правядзенні кампаніі салідарнасці на тэрыторыі Вялікабрытаніі, арганізавала вечарыну у лонданскім Free Word Centre, якая праходзіў пад дэвізам «Том Стопард прадстаўляе Беларускі Свабодны тэатр». У брытанскіх тэатральных колах беларускі калектыў, які стаў «адкрыццём лонданскага тэатральнага сезону 2008 года» па версіі газеты The Guardian добра вядомы, але Том Стопард і арганізацыя Index on Censorship вырашыў гэтым разам прадставіць незалежную тэатральную групу, якая паслядоўна адстойвае права на свабоду выказвання, шырокаму колу палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, праваабарончых арганізацыяў і прадстаўнікам сродкаў масавай інфармацыі. На вечарыне з вітальным словам выступіў лідэр руху «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, чый працоўны візіт у Лондан па часе супаў з візітам Свабоднага тэатра ў Англію.
Падзеяй вечарыны стаў паказ відэаверсіяў трэцяй часткі трылогіі «Зона маўчання» «Лічбы», у пастаноўцы Уладзіміра Шчэрбаня.
Завяршальным пунктам візіту ў Вялікабрытанію стала запрашэнне кіраўніцтва тэатра на вечарыну-святкаванне 50-годдзя камітэта «Пісьменнік у зняволенні» брытанскага PEN-клуба. У прамове на адкрыцці вечарыны прэзідэнт PEN-клуба Лайза Апін'янэзі вітала Беларускі Свабодны тэатр і выказала словы падтрымкі ад асобы вядучай пісьменніцкай арганізацыі Вялікабрытаніі. Тут жа, на вечарыне, мастацкі кіраўнік Свабоднага тэатра драматург Мікалай Халезін быў прыняты ў сябры брытанскага PEN-клуба.
Дырэктарка тэатра Наталля Каляда, каментуючы вынікі візіту ў Вялікабрытанію, сказала: «У свой першы прыезд у Беларусь, Том Стопард сказаў: «дыктатура – гэта не палітычная праблема, а маральная». Мы шчыра радыя таму, што так шмат людзей у Брытаніі гэта разумеюць, і асабліва людзей мастацтва. Сёння так уладкаваны свет – людзей мастацтва слухаюць больш, чым палітыкаў, а значыць, маючы трыбуну, неабходна казаць пра тое, што нас турбуе, будзь ты тэатральным дзеячам, літаратарам, журналістам ці палітыкам. І цяперашні візіт у Вялікабрытанію пацвярджае факт – калі прамаўляць гучна і выразна, цябе абавязкова пачуюць. Застаецца спадзявацца, што абяцанні брытанскіх палітыкаў не застануцца толькі абяцаннямі».
Наталля Каляда дае інтэрв'ю брытанскаму пісьменніку і аглядальніку газеты The Observer Ніку Коэну
Кіраўнікі Свабоднага Тэатра на сустрэчы з чальцом Парламента Полам Фарэлі
Сэр Том Стопард прадстаўляе Свабодны Тэатр на вечарыне ў Free Word Centre
Выступ Майка Атэнбора – дырэктара лонданскага тэатра Almeida, які стаў ка-прадзюсэрам Беларускага Свабоднага тэатра
Майк Харыс, Андрэй Саннікаў, Наталля Каляда, сэр Том Стопард, Мікалай Халезін і Уладзімір Шчэрбань
Ініцыятары тэатральнай кампаніі ў падтрымку Беларусі – акцёр і рэжысёр Сэм Уэст і драматург Том Стопард
Вечарына ў гонар 50-годдзя камітэта «Пісьменнік у зняволенні» брытанскага ПЕН-клуба
Мікалай Халезін з прэзідэнтам брытанскага ПЕН-клуба Лайзай Апін'янэзі