BE RU EN

У сярэдзіне тыдня стане халадней

  • 26.07.2010, 16:52

Надвор'е на бягучым тыдні ў Беларусі будзе цёплым, але з кароткачасовымі дажджамі і навальніцамі.

Пра гэта БелТА паведаміла галоўны сіноптык Рэспубліканскага гідраметэацэнтра Вольга Фядотава.

У аўторак, 27 ліпеня, Беларусь будзе знаходзіцца пад уплывам атмасферных франтоў і вільготных паветраных мас чарнаморскага паходжання. У начныя гадзіны месцамі па рэспубліцы, а днём у многіх раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы, навальніцы. У асобных раёнах магчымыя моцныя дажджы. Пры навальніцах парывы ветру могуць дасягаць 15-20 метраў за секунду. Тэмпература паветра ўначы складзе 15-22 градусы цяпла, днём - плюс 27-29 градусаў. У паўднёва-заходніх раёнах чакаецца плюс 21 градус, на ўсходзе паветра прагрэецца да 34 градусаў.

У сераду і чацвер на большай частцы рэспублікі па-ранейшаму чакаюцца навальнічныя дажджы, месцамі моцныя, навальніцы. Дзе-нідзе пры навальніцах магчымы град і шквалістае ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 метраў за секунду. Пры гэтым пад уплывам атмасферных франтоў тэмпература паветра ў начныя гадзіны будзе вагацца ад 13 да 21 градуса цяпла. Днём у сераду, 28 ліпеня, чакаецца 22-29 градусаў вышэй за нуль. На ўсходзе слупок тэрмометра пакажа плюс 30-33. Значна халадней ў гэтыя дні будзе ў заходніх раёнах Беларусі, дзе чакаецца ад 19 да 21 градуса цяпла.

У чацвер, 29 ліпеня, многія рэгіёны Беларусі змогуць адпачыць ад знясільваючай спёкі. Дзённая тэмпература паветра не перавысіць 18-25 градусаў. Толькі на паўночным усходзе рэспублікі слупок тэрмометра пакажа плюс 29.

Па папярэдніх прагнозах, да канца тыдня з ростам атмасфернага ціску верагоднасць ападкаў зменшыцца. Аднак месцамі па тэрыторыі краіны ўсё ж такі будуць праходзіць кароткачасовыя дажджы і грымець навальніцы. Тэмпература паветра ў ноч на пятніцу, 30 ліпеня, складзе 10-17 градусаў. Днём чакаецца плюс 22-27. У суботу, 31 ліпеня, днём паветра прагрэецца да 22-29 градусаў. У нядзелю, 1 жніўня, чакаецца 24-30 градусаў цяпла.

Як распавяла Вольга Фядотава, самым цёплым ліпеньскім днём аказалася 23 ліпеня, калі дзённая тэмпература паветра склала плюс 31-36 градусаў. У Менску ў гэты дзень зафіксавана 33 градусы вышэй за нуль. На мэтэастанцыі «Жлобін» (Гомельская вобласць) слупок тэрмометра дасягнуў адзнакі 36,2 градуса, што з'яўляецца абсалютным рэкордам для дадзенага раёна Беларусі ў ліпені.

Апошнія навіны