BE RU EN

У менскае «Дынама» пераходзіць швецкі абаронца

  • 8.07.2010, 9:52

Чарговым навабранцам менскага «Дынама» стане 34-гадовы швецкі абаронца, які мае чэшскія карані, Давід Петрашэк.

Шэсць папярэдніх сезонаў ён правёў у клубе ХВ-71 з Енчэпінга. Сёння перамовы з нагоды пераходу гульца ў беларускі клуб паспяхова скончаныя, паведамляе БелТА.

У мінулым сезоне Давід Петрашэк стаў чэмпіёнам Швецыі ў складзе ХВ-71. Акрамя таго, ён стаў лепшым бамбардзірам сярод абаронцаў элітнай швецкай лігі як у рэгулярным чэмпіянаце — 53 (15+38) бала ў 52 гульнях, так і ў плэй-оф — 11 (5+6) балаў у 16 сустрэчах.

Усе значныя дасягненні ў кар'еры Петрашэка звязаныя з клубам ХВ-71. У юнацкай камандзе гэтага клуба ён рабіў першыя крокі ў вялікім хакеі. І першы дарослы тытул чэмпіёна Швецыі ў 1995 годзе, ва ўзросце 19 гадоў, ён заваяваў з клубам з Енчэпінга, правёўшы ў элітсерыі 41 матч з улікам плэй-оф. Нядзіўна, што затым хакеіст трывала атабарыўся ў аснове.

У 2000 годзе Давід Петрашэк перайшоў у іншы клуб швецкай элітсерыі — «Рэдхоўкс» з Мальмэ, дзе адыграў 5 гадоў, правёўшы за гэты час больш за 260 матчаў.

У 2005 годзе Петрашэк вярнуўся ў родны ХВ-71, дзе гуляў да цяперашняга часу. Гэты этап кар'еры хакеіста стаўся самым удалым. Асабліва паспяховымі атрымаліся тры апошнія сезоны. У 2008 і 2010 гадах Давід ізноў стаў чэмпіёнам Швецыі, а ў 2009-м заваяваў срэбныя медалі. Прычым Петрашэк усталяваў новы рэкорд выніковасці турніру сярод абаронцаў.

«Давід Петрашэк з'яўляецца адной з прыярытэтных мэтаў камплектавання на сезон, які мае адбыцца. Мы ўдзячныя хакеісту за аднаўленне раней перапыненых перамоваў і прыняццё станоўчага рашэння. Гэта важкае ўмацаванне абарончай лініі нашай каманды. У нас практычна скончаныя перамовы з усімі планаванымі легіянерамі, сярод іх — моцныя абаронцы. Іх імёны мы абвесцім у найбліжэйшыя дні», — пракаментаваў падпісанне кантракту з Давідам Петрашэкам выканаўца абавязкаў генеральнага дырэктара ХК «Дынама-Менск» Аляксей Торбін.

Апошнія навіны