У цэнтры Менска машына сышла пад зямлю (Фота)
- 9.07.2010, 9:58
Відавочцы сцвярджаюць, што злашчасную яму рамантуюць па 10 разоў за сезон, а гэты выпадак ужо не першы.
Каля гатэля «Краўн Плаза» у Менску легкавік «Аўдзі» праваліўся правым колам пад асфальт. Магчыма, грунт пад асфальтам размыла падчас апошняга ліўня, калі ў сераду затапіла вуліцу Кірава, паведамляе «Еўрарадыё».
Калі б аўто праехала па гэтым адрэзку дарогі, не спыняючыся, магчыма, здарэння атрымалася б пазбегнуць, лічыць гаспадар машыны:
«Машына стаяла на стаянцы, я ад'ехаў, каб ехаць па справах. Пад'ехаў да дарогі, уключыў паварот, машыны ходзяць, я не мог адразу паехаць. Стаяў, чакаў пакуль машыны праедуць, каб я мог выехаць на дарогу і адчуў, што машына пачала апускацца. Я адразу не зразумеў, што адбываецца. А потым, калі выйшаў, убачыў, што асфальт пачаў правальвацца і машына лягла на пуза».
Таксісты, якія працуюць побач з гатэлем, кажуць, што ў гэтым месцы правальваюцца не першы раз. Яму на выездзе са стаянкі рамантуюць разоў 10 за сезон, па новым асфальце відаць, што яе нядаўна латалі.