BE RU EN

Аляксандр Глеб: Нам па сілах прабіцца на чэмпіянат Еўропы

  • 11.08.2010, 9:47

Паўабаронца беларускай футбольнай зборнай Аляксандр Глеб лічыць выканальнай задачу выхаду ў фінальную частку чэмпіянату Еўропы-2012.

«Задача ў нас адна: прабіцца на чэмпіянат Еўропы, і, я думаю, гэта цалкам нам па сілах», — заявіў гулец у інтэрв'ю прэс-службе БФФ у Каўнасе, дзе 11 жніўня каманда правядзе спарынг з літоўцамі, паведамляе БелаПАН.

«Шмат з кім мы ўжо тры гады разам гуляем, выдатна разумеем адзін аднаго. Тая моладзь, якая зараз прыходзіць у зборную, уліваецца цалкам арганічна. Нам бы яшчэ крышачку шанцавання. Усе бачылі на цяперашнім чэмпіянаце свету, што, калі гуляць у закрыты, хай трохі невідовішчны футбол, дык, у прынцыпе, можна адолець любога суперніка. І, калі б Беларусь ці Літва патрапілі ў ПАР, мы б глядзеліся там ані не горш за шмат якія зборныя. Не выключана, што менавіта зараз прыйшоў наш час», — сказаў Глеб.

Матч са зборнай Літвы «не будзе гульнёй у паддаўкі», лічыць футбаліст. «Я думаю, будзе роўная гульня роўных па сіле супернікаў. Вельмі важна, каб не было агрэсіі і мы не нанеслі адзін адному непатрэбных траўмаў. Гэты спарынг павінен дадаць нам упэўненасці ва ўласных сілах, каб з добрым настроем падысці да адборачнага раўнда», — заявіў паўабаронца.

«У нашай камандзе шмат якія хлопцы ўжо гатовыя на 100%, — адзначыў ён. — Некаторыя, у тым ліку і я, яшчэ не атрымалі дастатковай гульнявой практыкі ў цяперашнім сезоне. Тым больш карысна сабрацца зараз усім разам».

9 жніўня галоўны трэнер беларускай зборнай Бернд Штангэ заявіў на прэс-канферэнцыі ў Менску, што Глеб-старэйшы і Віталь Кутузаў прапусцяць стартавы матч кваліфікацыі Еўра-2012 супраць французаў 3 верасня, калі не будуць цалкам гатовыя.

Апошнія навіны