Экспарт расейскага збожжа забаронены таксама ў Беларусь і Казахстан
- 6.08.2010, 16:16
Забарона на экспарт збожжа з Расеі датычыць ўсіх дзяржаваў, уключаючы партнёраў па Мытным саюзе.
Пра гэта заявіў у эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы» першы намеснік старшыні ўрада РФ Ігар Шувалаў.
«Збожжа не павінна пакідаць межаў Расейскай Федэрацыі, не павінна быць якой-небудзь збянтэжанасці ці непаразумення. Я павінен пацвердзіць, што гэта датычыць ўсіх дзяржаваў, уключаючы нашыя дзяржавы-партнёры па Мытным саюзе», - падкрэсліў ён.
Пры гэтым Шувалаў дадаў, што ў кожнай краіны ў межах Мытнага саюза «ёсць суверэннае права абумоўліваць ці вырашаць тыя ці іншыя пытанні, якія датычаць экспартных аперацыяў».
«У Мытным саюзе мы прынялі рашэнне, што экспартныя аперацыі - гэта пакуль прэрагатыва кожнай з дзяржаваў, якая ўваходзіць у саюз. Мытны саюз мае ўзгодненую палітыку па імпарце, але што датычыць, напрыклад, увядзення нейкіх абмежаванняў пры экспарце ці ўвядзення экспартных пошлінаў, мы зыходзім з таго, што да фармавання адзінай эканамічнай прасторы ў кожнай краіны ёсць суверэннае права абумоўліваць ці вырашаць тыя ці іншыя пытанні, якія датычаць экспартных аперацыяў», - патлумачыў першы віцэ-прэм'ер.