Еўрапейскія эксперты: «З Лукашэнкам ніхто не падтрымлівае кантакты»
- 9.08.2010, 18:43
Крэмль, нарэшце, зразумеў, што супрацоўніцтва з краінамі-ізгоямі можа і для яго дрэнна скончыцца.
Пра гэта заявіў у інтэрв'ю Deutsche Welle эксперт нямецкага фонду Бертэльсмана Карнэліюс Охман. Аналітык распавёў пра тое, як уплываюць на імідж Беларусі ў Еўразвязе шырокія кантакты Менска з дзяржавамі, у якіх у Брусэлі не самая лепшая рэпутацыя.
-- Як супрацоўніцтва Беларусі з Іранам, Сірыяй, Венесуэлай успрымаюць у Еўразвязе?
-- У спісе партнёраў Беларусі ёсць краіны, якія, як лічыць сусветная супольнасць, падтрымліваюць тэрарыстычныя арганізацыі. Еўразвяз зводзіць сувязі з такімі дзяржавамі да мінімуму. Без сумневу, той факт, што беларускія ўлады супрацоўнічаюць з Іранам, Сірыяй, негатыўна ўплывае на імідж Менска ў ЕЗ.
У доўгатэрміновай перспектыве такое супрацоўніцтва можа мець толькі адмоўныя наступствы для Беларусі. Ні Іран, ні Сірыя не ў стане скупляць беларускую прадукцыю ў вялікіх аб'ёмах, яны таксама не могуць паставіць усе неабходныя краіне тавары.
Незразумела, чаму Беларусь дапусціла рэгістрацыю на сваёй тэрыторыі двух банкаў з іранскім капіталам, калі іранскія банкі ва ўсім свеце занесеныя ў «чорны спіс». Такое рашэнне толькі сапсуе рэпутацыю беларускай банкаўскай сістэмы ў цэлым.
-- Улады Беларусі тлумачаць такія цесныя стасункі імкненнем захаваць знешнепалітычны баланс. Наколькі гэта адпавядае сапраўднасці?
- Такія заявы беларускія ўлады робяць толькі ў мэтах прапаганды. У Еўразвязе з Аляксандрам Лукашэнкам практычна ніхто не падтрымлівае кантакты, а прэзідэнту важна паказаць насельніцтву краіны, што яго як палітычную фігуру у свеце ўспрымаюць.
Я думаю, гэтым улады рэспублікі, акрамя таго, хочуць паказаць Маскве, што Беларусь у стане развіваць эканоміку, будуючы стасункі і з іншымі партнёрамі. Аднак супрацоўніцтва з «праблемнымі краінамі» негатыўна адаб'ецца і на стасунках Менска і Масквы.
-- Вы лічыце, што Расея ніяк не зацікаўленая ў магчымых пагадненнях Беларусі (часта даводзіцца чуць пра продаж зброі) з «праблемнымі краінамі?
- Калі Расея і бярэ ўдзел у якіх-небудзь пагадненнях з краінамі-ізгоямі, дык толькі нелегальна. Масква нядаўна далучылася да рэзалюцыі Рады бяспекі ААН, якая прадугледжвае санкцыі ў дачыненні да Ірана. Хаця Расея крытыкавала прапановы ЕЗ і ЗША па ўвядзенні строгіх абмежавальных мераў супраць Ірана, Крэмль, нарэшце, зразумеў, што супрацоўніцтва з краінамі-ізгоямі можа і для яго дрэнна скончыцца.