BE RU EN

У Менску адкрылася выстава беларускага мастака з Бельгіі (Фота)

  • 1.09.2010, 17:13

У сталічным Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава Ігара Цішына «Мэта».

Ігар Цішын упершыню за 11 гадоў прывёз свае карціны на Радзіму. Сам мастак у цяперашні час жыве і працуе ў Бельгіі. Яго апошняя выстава ў Менску адбылася ў далёкім 1999 годзе. Таму прыхільнікі творчасці чакалі новых працаў Цішына. Экспазіцыю наведвалі галоўным чынам мастакі і мастацтвазнаўцы. Прысутнічала шмат журналістаў і невялікая колькасць проста зацікаўленых людзей, паведамляе «Еўрарадыё».

«Да сучаснага мастацтва я стаўлюся вельмі добра. Гэта своеасаблівы погляд. Класіка класікай, а сучасны погляд на штодзённыя рэчы і падача досыць неардынарная. Таму ўражанне стварае, — кажа адна з наведвальніцаў выставы. — Нельга сказаць, што гэта падабаецца — гэта цікава. Гэта жыццёвае крэда, можа, аўтара і жаданне завастрыць увагу на якіх-небудзь праблемах. Асабліва ўсё, што звязана з вёскай, з яе заняпадам. Усё гэта вярэдзіць, трывожыць. Я лічу, што гэта трэба паказваць».

«Гэта сугучна маёй душы, — разважае дзяўчына. — Мне здаецца, што вось гэта — трэшавая рэальнасць. Гэта нашая рэальнасць — беларуская. Таму мне здаецца, што гэта аўтэнтычны беларускі прадукт. Нягледзячы на тое, што ён мае знешнія прыкметы экспрэсіянізму, дадаізму».

Сам Ігар Цішын лічыць, што перспектывы для развіцця мастацтва ёсць паўсюль. Галоўнае, каб у мастака было жаданне штосьці рабіць, каб была цікавасць. Тады знойдуцца людзі ў любых краінах, якія зацікавяцца гэтым. Таму карысна час ад часу і аддаляцца ад родных месцаў, каб паглядзець на ўсё з боку.

Апошнія навіны