Дзеля чарговай рэзідэнцыі дыктатара знішчаецца запаведны лес?
- 2.09.2010, 12:30
Там дзе дзесяцігоддзямі захоўвалася унікальная прырода, ідзе высечка леса і будаўніцтва аўтадарогі.
На пачатку жніўня Лукашэнка наведаў Браслаўскі раён. Паводле версіі дзяржаўных беларускіх СМІ, кіраўнік «азнаёміўся з завяршальным этапам уборачнай кампаніі ў рэгіёне». Аднак як стала вядома «Беларускаму партызану», насамрэч Лукашэнка прыехаў інспектаваць маштабную будоўлю сваёй чарговай рэзідэнцыі.
Віцебская вобласць, а тым больш Браслаўскі раён, ніколі не была паспяховым рэгіёнам у сферы сельскай гаспадаркі. Прыезд у Браслаў Лукашэнкі са шматлікай світай і падвядзенне вынікаў уборачнай кампаніі на Браслаўшчыне выклікалі здзіўленне.
Аднак сапраўднай мэтай «народнага» прэзідэнта было наведванне маштабнай будоўлі, пра што афіцыйныя СМІ не абмовіліся ні словам. Ужо паведамлялася пра тое, што на тэрыторыі былога заказніка дзяржаўнага значэння «Міжазёрны», дзе дзесяцігоддзямі захоўвалася унікальная прырода Беларускага Паазер'я, ідзе высечка леса і будаўніцтва аўтадарогі з удасканаленым пакрыццём, а таксама іншых аб'ектаў інфраструктуры.
Лукашэнка наведаў будаўнічую пляцоўку на беразе воз. Паўн. Волас. Тут яму не спадабалася, як распланаванае будаўніцтва аб'ектаў жылога комплексу з лыжаролернай трасай. Ён унёс значныя карэктывы, у тым ліку і ў тэрміны будаўніцтва - да наступнага летняга сезону ўсё павінна быць гатова.
Што характэрна, на ўездзе ў раней запаведную тэрыторыю яшчэ захавалася таблічка: «Дзяржаўны ландшафтны заказнік Міжазёрны, ахоўваецца дзяржавай, змяненне натуральнага стану, пераробка, рух транспарту, збор кветак, выпас жывёлы, касьба, выкарыстанне ядахімікатаў, узворванне земляў, неарганізаваны турызм ЗАБАРОНЕНЫЯ».
У чарговы раз беларусы пераконваюцца, што для беларускага кіраўніка няма ніякіх забаронаў і абмежаванняў.