Утро.ру: Нафта ад Уга можа каштаваць Лукашэнку прэзідэнцтва
- 2.09.2010, 13:46
Дамаўляцца пра пастаўкі расейскай нафты будзе ўжо іншы прэзідэнт Беларусі, піша расейская інтэрнэт-газета.
Як піша Утро.ру, Беларусь сур'ёзна ўзялася за дыверсіфікацыю крыніцаў энергазабеспячэння, дамагаючыся ў гэтым пытанні незалежнасці ад Расеі. Такая палітыка можа аддаліць адзін ад аднаго двух удзельнікаў «саюзнай дзяржавы» значна мацней, чым усе ранейшыя спрэчкі на высокім палітычным узроўні. Але ў выніку, хутчэй за ўсё, гэта будзе каштаваць Аляксандру Лукашэнку прэзідэнцкага крэсла.
Пастановай урада Беларусі № 1180 зацверджаная Стратэгія развіцця энергетычнага патэнцыялу рэспублікі на перыяд да 2020 года. Яна прадугледжвае некалькі сцэнароў, і па самім аптымістычным з іх у найбліжэйшыя гады Беларусь атрымае з далёкага замежжа 21 млн т нафты. Прычым замежжа гэтае сапраўды далёкае: Менск разлічвае на пастаўкі чорнага золата з Венесуэлы і Ірана. З бліжэйшых суседзяў у спісе пастаўшчыкоў фігуруе Азербайджан.
Як вядома, у сакавіку 2010 г. Беларусь падпісала кантракт з Венесуэлай на пастаўку 4 млн т нафты ў год з далейшым павелічэннем штогадовай пастаўкі да 10 млн тон. Пастаўкі плануецца ажыццяўляць праз парты чатырох краінаў: Украіны (Адэса і Паўднёвы), Латвіі (Вентспілс), Літвы (Клайпеда), і Эстоніі (Талін). Пакуль асноўным маршрутам з'яўляецца ўкраінскі – праз Адэсу. Туды з канца красавіка прыбылі ўжо сем танкераў з венесуэльскай нафтай. З Адэсы нафта па чыгунцы ў цыстэрнах транспартуецца на Мазырскі НПЗ. Пробную партыю ў аб'ёме 80 тыс. т прынялі таксама ў эстонскім порце Мууга, з якога па чыгунцы яе даставілі на Наваполацкі НПЗ «Нафтан». Акрамя таго, як вынікае са Стратэгіі, беларускі бок прапрацаваў магчымасць пастаўкі праз балтыйскія і чарнаморскія парты нафты з Азербайджана і краінаў Персідскага рэгіёна.
Як жа атрымалася, што нафта з гэткіх аддаленых крыніцаў апынулася для Беларусі больш прывабнай, чым блізкая і звыклая расейская? Уся справа ў пошлінах. Стварэнне Мытнага саюза Расеі, Беларусі і Казахстана было азмрочанае той акалічнасцю, што Масква не распаўсюдзіла яго дзеянне на гандаль нафтай - Беларусь атрымлівае яе бяспошлінна толькі ў абмежаваных аб'ёмах, для ўнутраных патрэбаў. Гэта каля 6 млн т у год. Але ж акрамя гэтага Беларусь дагэтуль штогод закупляла ў РФ каля 18 млн т нафты для загрузкі сваіх перапрацоўчых магутнасцяў, прадукцыю якіх яна экспартавала ў Еўропу. Пошліны, дарэчы, былі ўведзеныя менавіта з-за таго, што Менск не жадаў падзяляцца з Масквой прыбыткамі, якія атрымліваюцца ад перапрацоўкі бяспошліннай расейскай сыравіны. Зараз Беларусь вымушаная пераплачваць амаль $300 за тону нашай нафты. У сакавіку Міністэрства юстыцыі Беларусі падало ў Эканамічны суд СНД пазоў аб неправамернасці расейскіх нафтавых пошлінаў, яго разгляд намечаны на верасень.
Спачатку эксперты моцна сумняваліся ў эканамічнай мэтазгоднасці паставак нафты з Венесуэлы. Як ні круці, а яе аддзяляе ад Беларусі 13,6 тыс. км марскіх шляхоў і некалькі сотняў кіламетраў сухапутных дарогаў. Думалі, што справа загнецца пасля прыходу першага ж танкера. Але ў Менску, як відаць, сапраўды ўсё добра пралічылі. Хаця дакладныя лічбы невядомыя, але, паводле экспертных разлікаў, кошт гэтых аперацыяў выглядае наступным чынам. Дастаўка адной тоны венесуэльскай нафты морам у Адэсу (з улікам фрахту танкера і выдаткаў, звязаных з праходжаннем турэцкіх праліваў) складае каля $75. Затым яе трэба перапампаваць у цыстэрны (аплаціўшы паслугі парта) і транспартаваць па чыгунцы каля 800 км да Мазырскага НПЗ па адпаведных тарыфах, што ў суме дадае яшчэ каля $70 за тону. Аднак гэта найменш празрысты ўчастак шляху, паколькі Украіна быццам бы дала Беларусі нейкія ільготы па перавозцы нафты. У любым выпадку больш прывабнай была б дастаўка нафты па нафтаправодзе «Адэса - Броды» - каля $10 за тону. Але, на жаль, гэтая труба выкарыстоўваецца Расеяй у рэверсным рэжыме, гэта значыць па ёй нашая нафта паступае да берагоў Чорнага мора. Стратэгія ставіць за мэту адбіць нафтаправод у «Транснафты» і пусціць па ім венесуэльскую нафту.
Як бы там ні было, паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта Беларусі (Белстата), першая партыя венесуэльскай нафты ў траўні 2010 г. каштавала Беларусі $656 за тону. Зрэшты, па разліках экспертаў расейскага Фонду нацыянальнай энергетычнай бяспекі, кошт венесуэльскай нафты, дастаўленай танкерам да Адэсы, а адтуль па чыгунцы на Мазырскі ПНЗ, павінен складаць $737 за тону, а пры задзейнічанні нафтаправода «Адэса - Броды» - $682 за тону. Прычым гэтыя разлікі зробленыя, зыходзячы з крыху завышаных коштаў на венесуэльскую нафту. У любым выпадку яны даказваюць, што Беларусь сапраўды выгадвае на венесуэльскай нафце, калі гаворка ідзе пра яе пастаўкі для перапрацоўкі з мэтай далейшага экспарту нафтапрадуктаў. Бо кошт расейскай прапановы складае каля $500 за тону бяспошліннай нафты і амаль $800 за тону нафты, якая абкладаецца пошлінай. Іншае пытанне: наколькі стабільнымі ў сярэдне- і доўгатэрміновай перспектыве могуць быць гэтыя пастаўкі, заснаваныя на пагадненні паміж двума даволі адыёзнымі лідэрамі.
Трэба адзначыць, што, паводле Стратэгіі, Беларусь будзе не толькі імпартаваць, але і здабываць нафту за мяжой. У цяперашні час рэалізуюцца сумесныя праекты па распрацоўцы радовішчаў на тэрыторыі Венесуэлы і Ірана. У Венесуэле аб'ём здабычы нафты сумесным прадпрыемствам «Петралера Белавенесалана» за перыяд з 2008 па чэрвень 2010 г. перавысіў 1,7 млн тон. У 2009 г. яму былі перададзеныя для распрацоўкі новыя радовішчы. У выніку да 2015 г. сярэднегадовая здабыча можа павялічыцца да 5,8 млн т у год, а пасля адпаведнага пашырэння інфраструктуры яна дасягне 11,6 млн т у год. У Іране ў Менска больш сціплыя планы: ён удзельнічае ў праекце распрацоўкі радовішча Джуфэйр і плануе здабыць за дзесяць гадоў амаль 10 млн т нафты. Для гэтых мэтаў ужо створанае сумеснае прадпрыемства, радовішча рыхтуецца да прамысловага засваення і да чацвёртага года распрацоўкі яно, як чакаецца, будзе даваць каля 1,3 млн т нафты ў год.
Відавочна, што ўся гэтая складаная камбінацыя з венесуэльскай, іранскай і іншай няблізкай нафтай была задуманая Лукашэнкам выключна з-за сваркі з Расеяй, якая не захацела больш субсідаваць свавольны і крыўдлівы рэжым у Менску. У выніку, паводле дадзеных Белстата, за першыя шэсць месяцаў 2010 г. краіна знізіла імпарт нафты з Расеі амаль на 50%. Адначасова яна скараціла вытворчасць нафтапрадуктаў і іх экспарт на 40%. Але відавочна таксама і тое, што, якія б экзатычныя і выгодныя, на першы погляд, крыніцы нафты ні знаходзіла Беларусь, яны наўрад ці змогуць кампенсаваць адмову ад стабільных паставак з Расеі. І, як відаць, рана ці позна ўсё вернецца на кругі свая: беларускія НПЗ будуць забяспечвацца расейскай нафтай бяспошлінна (ці з мінімальнымі пошлінамі), а Менску прыйдзецца аддаваць частку рэнты, якая атрымліваецца такім чынам, Расеі. Толькі дамаўляцца пра ўсё гэта будзе ўжо іншы прэзідэнт Беларусі. Што ж датычыць Аляксандра Лукашэнкі, дык ён упэўнена заваёўвае сабе статус персоны нон грата ў Маскве.