Грошай МВФ дыктатар не атрымае
- 2.09.2010, 15:49
Міжнародны валютны фонд не мае намеру абмяркоўваць з беларускімі ўладамі новую праграму stand-by.
Пастаянны прадстаўнік Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Беларусі Наталля Калядзіна заяўляе, што МВФ не плануе ў хуткім часе накіроўваць у Менск місію для перамоваў пра магчымасць рэалізацыі новай праграмы stand-by.
«Ніхто ні ад чаго не адмаўляўся, але пакуль такой місіі па перамовах (пра новую праграму stand-by - ІФ) не запланавана», - сказала Калядзіна агенцтву «Інтэрфакс-Захад», адказваючы на пытанне пра канкрэтныя тэрміны анансаваных у траўні гэтага года перамоваў пра магчымасць рэалізацыі новай праграмы. Раней МВФ планаваў правесці такія перамовы напачатку восені гэтага года.
Паводле яе словаў, найбліжэйшая запланаваная місія МВФ прыбудзе ў Менск у лістападзе і тэмай яе працы стане традыцыйны для ўсіх краінаў-чальцоў МВФ гадавы агляд эканомікі. «Мы разлічваем, што місія па 4-ым артыкуле, гэта значыць традыцыйныя штогадовыя кансультацыі па сітуацыі ў макраэканоміцы, будзе напачатку лістапада. Пакуль што, да лістапада, няма планаў адносна місіі», - адзначыла прадстаўнік МВФ.
Наталля Калядзіна таксама канстатавала, што ў Беларусі адсутнічаюць аб'ектыўныя эканамічныя перадумовы да значнага росту сярэдняй зарплаты, які запланаваны ўладамі.
«Мы не змянілі сваё стаўленне да значнага падвышэння зарплаты ў Беларусі. У гэтых умовах я не бачу эканамічных падставаў для яе павелічэння», - заявіла прадстаўнік МВФ.
Яна патлумачыла: «Перш за ўсё, падвышэнне зарплаты пагоршыць канкурэнтаздольнасць беларускіх вытворцаў на знешніх рынках. Рост прадукцыйнасці ўжо адстае ад тэмпаў росту заработнай платы».
Калядзіна таксама канстатавала характэрнае для апошніх месяцаў значнае пагаршэнне гандлёвага балансу, што з'яўляецца вынікам недастатковай канкурэнтаздольнасці беларускіх вытворцаў на знешніх рынках.
Акрамя таго, «падвышэнне зарплаты прывядзе да павелічэння ўнутранага попыту, аказваючы дадатковы ціск на спажывецкія кошты і валютны рынак, таксама рост зарплатаў павялічыць попыт на спажывецкі імпарт, што спрыяе росту дэфіцыту гандлёвага балансу», - падкрэсліла прадстаўніца МВФ.
Яна звярнула ўвагу, што істотнае падвышэнне зарплаты менавіта ў бюджэтным сектары ўяўляе з сябе павелічэнне выдаткаў бюджэту на пастаяннай аснове, гэта значыць гэтыя выдаткі бюджэт будзе несці не толькі ў гэтым годзе, але і наступным і гэтак далей. «Безумоўна, гэта ўскладніць працу ўрада па зніжэнні падатковай нагрузкі на прадпрыемствы, што таксама будзе негатыўна адбівацца на іх знешняй канкурэнтаздольнасці», - мяркуе Калядзіна.