Грошай Сусветнага банка дыктатар не атрымае
- 21.09.2010, 9:09
Сусветны банк гатовы аднавіць перамовы з Беларуссю пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у краіне.
Пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка ў Беларусі Іван Велеў прагназуе правядзенне больш дэталёвых перамоваў аб вылучэнні Сусветным банкам Беларусі пазыкі на мэты развіцця ў канцы бягучага года.
«Перамовы зараз знаходзяцца на самым першапачатковым этапе, мы пакуль нічога канкрэтна не абмяркоўвалі», - заявіў Велеў журналістам у панядзелак у Менску, перадае «Інтэрфакс-Захад».
«Ёсць сродкі, але мы не абмяркоўвалі змест, тэрміны, памер», - дадаў ён.
Пастаянны прадстаўнік Сусветнага банка адзначыў, што на перамовы аб вылучэнні пазыкі ўплываюць асаблівасці плана ўрада па развіцці краіны. «Праграма пазыкі на мэты развіцця для нас будзе праграмнай, яна не будзе аднаразовай, мы хочам, каб у нас была праграма супрацоўніцтва на наступныя некалькі гадоў, а для гэтага патрэбная доўгатэрміновая ці сярэднетэрміновая праграма ўрада», - сказаў Велеў, дадаўшы, што на перамовы ўплывае чаканае прыняцце дырэктывы аб лібералізацыі. «Усе гэтыя элементы звязаныя паміж сабой. Адштурхваючыся ад гэтых дакументаў, мы будзем рыхтаваць пазыку на мэты развіцця», - падкрэсліў Велеў.
«Да канца года», - выказаў меркаванне Велеў, адказваючы на пытанне пра тое, калі бакі могуць перайсці да дэталяў магчымага вылучэння пазыкі.