Касачоў абвінаваціў Лукашэнку ў інсінуацыях
- 3.09.2010, 9:14
Старшыня камітэта Дзярждумы РФ па міжнародных справах выступіў з рэзкай заявай.
Канстанцін Касачоў назваў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра магчымы «расейскі след» у нападзе на амбасаду РФ у Менску «не адпаведнай статусу кіраўніка дзяржавы».
«Я гэтыя заявы пакідаю на сумленні спадара Лукашэнкі. Я не лічу правільным рабіць якія-небудзь заявы на такім узроўні, пакуль для гэтага няма падставаў. Займацца інсінуацыямі, развагамі пра тое, што магло адбыцца, дапушчальна і на ўзроўні палітыкаў, і дзеячаў іншых сфер, уключаючы журналістаў, але ніяк не на ўзроўні першых асоб дзяржавы», - сказаў ён у інтэрв'ю «Інтэрфаксу».
Паводле словаў спадара Касачова, «у апошні час вельмі шмат несправядлівага было сказана ў адрас Расеі з боку Лукашэнкі, і пакуль расейскае кіраўніцтва не дапускае таго, каб гэтыя выказванні нейкім чынам уплывалі на змястоўны бок беларуска-расейскіх стасункаў».
Расейскія ўлады Касачоў заклікаў не паддавацца на гэтую «правакацыю», а беларускія - забяспечыць не каментаванне, а вычарпальнае расследаванне інцыдэнту.