Былы эстонскі дыпламат абвінавачвае беларускія спецслужбы
- 3.09.2010, 11:49
Хары Лахтэйн заявіў, што яго знаёмым у Менску пагражалі псіхіятрычнай бальніцай і турмой.
Былы часовы павераны амбасады Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйн, які быў абвінавачаны ў сэксуальных дамаганнях да жыхаркі Менска, заявіў, што да яго сыходу з дыпламатычнай пасады прывёў «напад з боку беларускіх спецслужбаў», паведамляе «Камсамольская праўда ў Паўночнай Еўропе».
Лахтэйн заявіў у чацвер увечары ў эфіры ETV, што ўлетку яго знаёмыя ў Беларусі звязаліся з ім і паведамілі, што шмат каго з іх выклікалі ў КДБ, дапытвалі, настойліва прапаноўвалі супрацоўніцтва і пагражалі псіхіятрычнай бальніцай.
Паводле яго словаў, вялікая колькасць фатаздымкаў, якія ў выніку і прывялі яго да адстаўкі, былі змененыя з дапамогай камп'ютэрных праграмаў.
Лахтэйн падаў заяву аб сыходзе пасля таго, як розным выданням у Эстоніі былі разасланыя ананімныя лісты з абвінавачваннямі ў яго адрас у непрыстойных сэксуальных паводзінах.
Міністэрства замежных спраў Эстоніі 24 жніўня задаволіла заяву дыпламата аб сыходзе з працы па ўласным жаданні, якую ён падаў пасля паступлення ананімных лістоў.