Лаўроў: «Гэта кашчунныя заявы!»
- 3.09.2010, 12:12
Кіраўнік МЗС Расеі пракаментаваў абвінавачванні Лукашэнкі ў адрас Расеі.
Сяргей Лаўроў назваў блюзнерскай заяву пра тое, што да інцыдэнту ў амбасадзе РФ у Менску, на тэрыторыю якой былі кінутыя бутэлькі «з кактэйлем Молатава», мог быць датычны расейскі бок.
«Я не хачу каментаваць гэтыя кашчунныя заявы», - сказаў Лаўроў, адказваючы на пытанне «Інтэрфакса» ў пятніцу ў Баку.
Паводле словаў міністра, ён «чуў з паведамленняў СМІ пра тое, што ўжо ёсць нібыта нейкі «след», ёсць падазраваныя». «Дачакаемся вынікаў расследавання. Думаю, яны стануць лепшым адказам», - адзначыў ён.
Увечары 30 жніўня невядомыя кінулі на тэрыторыю расейскай амбасады 2 бутэлькі з запальнай сумессю, пашкодзіўшы аўтамабіль. З месца здарэння канфіскаваныя адна непашкоджаная бутэлька аб'ёмам 0,33 літры, асколкі іншай бутэлькі і кнот. Узбуджаная крымінальная справа па артыкуле (хуліганства).
1 верасня Аляксандр Лукашэнка заявіў, што праваахоўныя органы дбайна адпрацуюць версію магчымай датычнасці расейскага боку да інцыдэнту, які адбыўся на тэрыторыі амбасады РФ у Менску.