Беларусь заняла 155-е месца ў рэйтынгу эканамічна свабодных краін свету.
- 12.01.2011, 17:46
Беларусь заняла 155-е месца ў рэйтынгу эканамічна свабодных краін свету.
У рэйтынгу, складзеным даследчым цэнтрам Heritage Foundation і газетай The Wall Street Journal, улічаныя дадзеныя па 179 дзяржавах, перадае ІА Регнум.
За год рэйтынг Беларусі апусціўся на 5 пазіцый, набраўшы 47,9 балаў з 100, што адпавядае катэгорыі "прыгнечаныя" (краіны з падушанымі эканамічнымі свабодамі - ніжэйшая ступень рэйтынгу). Расея заняла 143 месца (катэгорыя "у асноўным несвабодныя"), Украіна - на 163-164-м месцы разам з Узбекістанам, Эстонія - на 14-м месцы, Казахстан - на 78-м. Краіны-лідэры ў рэйтынгу: Ганконг, Сінгапур, Аўстралія, Новая Зеландыя, Швейцарыя, Канада.
Рэйтынг складзены па 10 паказчыках: свабода прадпрымальніцтва, гандаль, падатковая сістэма, урадавыя выдаткі, коштавая палітыка, свабода інвестыцый, банкаўская сістэма, забеспячэнне прыватнай уласнасці ад замаху дзяржавы, узровень карупцыі ў эканоміцы, рынак працы. Краіны ў рэйтынгу аднесеныя да пяці катэгорый: "свабодныя", "у асноўным свабодныя", "з сярэднім узроўнем свабоды", "у асноўным несвабодныя" і "прыгнечаныя".
Беларусь заняла 42 месца з 43 краін Еўропы, дамогшыся невялікіх поспехаў у асобных паказчыках з вышэйзгаданых.
Да недахопаў "беларускай мадэлі" аднесеныя празмернае дзяржрэгуляванне, карупцыя, недастатковая абарона прыватнай уласнасці, неэфектыўная судовая сістэма, бюракратызм. Усё гэта ставіць пад пытанне поспехі абвешчанай уладамі Беларусі лібералізацыі і дапаўняе карціну сацыяльна-палітычных адносінаў у Беларусі.