Двойчы-Не-Прэзідэнт і Недаўрад
- 18.01.2011, 11:59
Лукашэнка сваім указам прызначыў на 27 студзеня пазачарговую сесію ніжняй палаты беларускага "парламента" для ўзгаднення кандыдатуры прэм'ера РБ.
Варта разумець, што ўзгадненне адбудзецца ўжо пасля інаўгурацыі Лукашэнкі, папярэдне прызначанай на 21 студзеня. Калі парламент тупа прагаласуе (а менавіта так усё і будзе) за Мясніковіча, прызначанага дзіўным чынам прэм'ерам яшчэ ў канцы мінулага года, то пытанні з легітымнасцю будуць не толькі ў самога Лукашэнкі, але і ва ўрада, піша АФН.
Згодна з Канстытуцыяй РБ, дзейсны ўрад павінны скласці свае паўнамоцтвы перад ізноў абраным прэзыдэнтам. Асоба, якая перамагла на выбарах прэзідэнта, атрымлівае статус «ізноў абранага» толькі пасля інаўгурацыі.
Такім чынам, у мэтах захавання заканадаўчай працэдуры цяперашні ўрад на чале з Мясніковічам павінны будзе падаць у адстаўку 21 студзеня адразу пасьля інаўгурацыі Лукашэнкі. Толькі ў такім выпадку, пасля перапрызначэння ўсіх прадстаўнікоў гэтага ўрада яго можна будзе лічыць збольшага легітымным, паколькі застаюцца пытанні, на якой падставе адразу пасля дня галасавання ў адстаўку падаў урад Сяргея Сідорскага і літаральна праз дзень прызначаецца ўрад Мясніковіча.
Калі ж 27 студзеня парламент проста пацвердзіць паўнамоцтвы Мясніковіча, то ні пра якую легітымнасць гэтага ўрада не можа быць і гаворкі - парушэнне заканадаўчых працэдур пры адстаўцы ўрада Сідорскага і прызначэнні Мясніковіча.
Варта адзначыць, што Лукашэнка, прайшоўшы праз інаўгурацыю 21 студзеня, стане Двойчы-Не-Прэзідэнтам. Так, у 2006 годзе ён пайшоў на трэці прэзыдэнцкі тэрмін, парушыўшы закон аб прэзідэнце, які прадугледжвае максімум два прэзідэнцкіх тэрміны запар - змены ў закон былі ўнесеныя толькі праз месяц пасля інаўгурацыі-2006. На выбарах 2010 года былі дапушчаныя відавочныя парушэнні Выбарчага кодэкса, які прадугледжвае асабістую падачу дакументаў у ЦВК асобай, якая выявілі жаданне ўдзельнічаць у выбарах. За Лукашэнку гэта зрабіў міністр адукацыі Радзькоў.