Мэр Эйндховена просіць Менгарсавет асудзіць несумленныя выбары
- 18.01.2011, 20:19
У рэдакцыю charter97.org прыйшла копія ліста ад муніцыпальнага савета Эйндховена Менскаму гарадскому савету.
У лісце, падпісаным ад імя муніцыпальнага савета мэрам Эйндховена Р. ван Гійзелем, дэпутаты горада-пабраціма Менска просяць сваіх "калегаў" распачаць усе меры для забеспячэння неадкладнага вызвалення палітычных зняволеных.
Таксама прадстаўнікі галандскага горада прапануюць Менгарсавету "асудзіць несумленныя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, асудзіць палітычна матываваныя арышты, заклікаць органы ўлады ў Менску прыкласці ўсе намаганні для забеспячэння неадкладнага вызвалення групы затрыманых, патрабаваць ад органаў улады ў Менску прадаставіць муніцыпальнаму савету Эйндховена далейшую інфармацыю аб мерах, прынятых у гэтым дачыненні".
З аднаго боку, нельга не захапляцца спачуваннем і жаданнем дапамагчы беларускаму народу, які трапіў у бяду, з боку жыхароў далёкага шчаснага горада ў Галандыі і іхняй шчырай ўпэўненасцю ў справядлівасці і законе. З іншага, зварот галандскіх грамадзян як нельга лепш ілюструе эфектыўнасць крокаў Еўропы апошніх гадоў па наладжванні стасункаў з дыктатурай.
Вера ў тое, што халуі з Менгарсавета, якіх ніхто не выбіраў, змогуць падняць свой голас у абарону законнасці і здаровага сэнсу, проста замілоўвае. Усе гэтыя гады самазванцы з гарсаветаў, так званага парламента, кіраўніцтва ВНУ, дырэктары школ, супрацоўнікі спецслужбаў адкрыта карысталіся магчымасцю з'ездзіць у сытую Еўропу "папіць піўка", а за гэта дазвалялі паўгаворваць сябе выконваць закон і ўзгадаць пра сумленне.
З поўным тэкстам ліста можна азнаёміцца тут.