Беларуская міліцыя зняла адбіткі пальцаў у мёртвага журналіста
- 18.01.2011, 21:19
Прадстаўнік беларускай міліцыі, які прыбыў аглядаць негвалтоўную смерць публіцыста Віталя Тараса, на вачах у блізкіх «адкатаў пальчыкі» у нябожчыка, патлумачыўшы свае дзеянні адмовай журналіста пры жыцці прайсці гэтую працэдуру.
"Малодшы лейтэнант, які прыйшоў напісаць акт, што тут няма крыміналу, потым стаў выразаць нейкія паперкі. І ў яго нейкая пласціначка была кругленькая. Мы з сынам Антонам глядзелі і не разумелі, што ён такое робіць. А потым, калі ён стаў катаць па руках пудру або мазню нейкую, то мы зразумелі, што ён робіць, і сталі выказваць пратэст. На што міліцыянт сказаў, што не хацеў, маўляў, Віталь, па-добраму, дык цяпер выйшаў закон, і мы абавязкова гэта зробім ", - цытуе Радыё Свабода жонку нябожчыка.
"Летам Віталь сапраўды адмовіўся здаваць адбіткі пальцаў, і міліцыянт пра гэта ведаў і сказаў, што ён мог адмаўляцца, а вы - не. На нашае пярэчанне, што мёртвы ж ён ужо нічога не зробіць, ён адказаў пытаннем: а раптам дзесьці ёсць нераскрытае забойства?", - распавяла Алена Тарас.
Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра і Беларускай асацыяцыі журналістаў Віталь Тарас памёр у выніку анкалагічнага захворвання на 55 годзе жыцця ўначы 18 студзеня. Працаваў на Беларускім тэлебачанні, у газетах "Літаратура і мастацтва", "Культура", расейскай "Общей газете", на "Радыё Свабода".