Новая дата продажу валюты па пашпарце
- 10.10.2011, 10:45
У Беларусі з 8 лістапада грамадзяне змогуць купіць валюту ў абменных пунктах і касах банкаў толькі па прад'яўленні дакумента, які сведчыць асобу.
Тэкст указу № 449 «Аб некаторых пытаннях ажыццяўлення валютна-абменных аперацый фізічнымі асобамі» апублікаваны ў газеце «Советская Белоруссия», паведамляе БелТА.
Указ № 449, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам 6 кастрычніка, уступае ў сілу праз месяц пасля яго афіцыйнага апублікавання.
Як раней паведамлялася, указ прыняты ў межах распрацаванага ўрадам і Нацыянальным банкам Беларусі комплексу мер па выхадзе на адзіны раўнаважны курс беларускага рубля.
Дакументам уводзіцца рэгістрацыя пашпартных дадзеных асоб, якія набываюць замежную валюту (як наяўную, так і безнаяўную, плацёжныя дакументы ў замежнай валюце, у тым ліку дарожныя чэкі) за беларускія рублі ў абменных пунктах і касах банкаў.
Рэгістрацыя пашпартных дадзеных фізічных асоб дазволіць сфармаваць міжбанкаўскую цэнтралізаваную электронную базу дадзеных па ўліку замежнай валюты, прададзенай фізічным асобам, з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы адзінай разліковай і інфармацыйнай прасторы.
Пры аперацыях продажу замежнай валюты, што здзяйсняюцца з дапамогай банкаўскіх пластыкавых картак у тэрмінальных прыладах (атрыманне наяўных грошай і аплата тавараў і паслуг), рэквізіты дакумента, які сведчыць асобу ўладальніка карткі, будуць брацца з базы дадзеных беларускага банка, які эмітаваў картку.