Праваабаронцу дапытаюць у анкалагічным аддзяленні
- 10.10.2011, 11:05
Крысціна Шацікава звярнулася са скаргай у міліцыю, каб ёй патлумачылі, што ж адбывалася 21 верасня ў цэнтры Магілёва.
Супрацоўнік Ленінскага аддзелу міліцыі Магілёва маёр Андрэй Цецюрукоў наведае праваабаронцу ў анкалагічным аддзяленні першыай Магілёўскі лякарні, каб высветліць падрабязнасці напісання ёю скаргі, перадае «Радыё Свабода».
Шацікава адзначае, што міліцыянт па тэлефоне не паведаміў, што гэта за скарга, але вельмі настойваў на сустрэчы.
«Яго не збянтэжыла тое, што я знаходжуся ў лякарні пасля аперацыі ў анкалагічным аддзяленні. Спачатку ён папрасіў, каб я да яго прыйшла ў аддзел, а калі пачуў, што я ў лякарні, сказаў, што ён прыйдзе да мяне. Шчыра я шакаваная - я сутыкалася са шматлікім, але, каб пасля аперацыі да мяне прыходзіў міліцыянт - гэта ўпершыню», - адзначае Крысціна Шацікава.
Яна выказвае здагадку, што скарга, па якой прыйдзе Цецюрукоў, ёй была напісаная з нагоды ачаплення 21 верасня сквера каля Драматычнага тэатра ў Магілёве. Тады міліцыянты тлумачылі, што сквер нібыта замініраваны, але ў афіцыйных паведамленнях наступных дзён не было згадванняў аб увядзенні надзвычайных мераў бяспекі ў раёне вуліцы Ленінскай і сквера ў тэатра. Крысціна Шацікава звярнулася са скаргай у міліцыю, каб ёй патлумачылі, што ж адбывалася 21 верасня ў цэнтры Магілёва.