Хто пра што, а МЗС Беларусі пра граблі
- 10.10.2011, 15:59
Рашэнне Рады ЕЗ аб пашырэнні візавых санкцый у дачыненні да Беларусі не мае значэння, заявіў прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных.
«Само па сабе, гэтае рашэнне не мае ніякага значэння. ЕЗ ужо неаднаразова на працягу бягучага года звяртаўся да ціску на Беларусь. Пры гэтым усім добра вядома, што меры прымусу даюць наўпрост супрацьлеглы вынік, умацоўваюць недавер і ўскладняюць пошук эфектыўных рашэнняў, якія маглі б спрыяць урэгуляванню наяўных рознагалоссяў», - гаворыцца ў каментары афіцыйнага прадстаўніка МЗС, размешчаным на сайце знешнепалітычнага ведамства.
Як зазначыў А. Савіных, «у рэальнай палітыцы адзін збой можна лічыць выпадковасцю, два - супадзеннем, але тры і больш - гэта ўжо відавочны доказ памылковасці дзеянняў». «Пасля відавочнага палітычнага фіяска антыбеларускіх ініцыятываў на саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве гэта ўжо проста кідаецца ў вочы», - сказаў прэс-сакратар. «Але краіны Захаду зноў і зноў «наступаюць на тыя ж граблі», - падкрэсліў прадстаўнік МЗС.
Гэта, па ягоных словах, дазваляе ўпэўнена зрабіць некалькі высноваў. «ЕЗ не мае ніякай рацыянальнай палітыкі ў дачыненні да Беларусі і супакойвае сябе імітацыяй дзеянняў», - заявіў А. Савіных. Па ягоных словах, еўрапейскія палітыкі, якія працуюць на беларускім напрамку, «не могуць ці не хочуць сфармуляваць прапановы, якія падыходзілі б ЕЗ і пры гэтым ўлічвалі бы права Беларусі на суверэннае і самастойнае развіццё».
Прэс-сакратар МЗС адзначыў, што «пры ўсіх гучных заявах, еўрапейскія палітычныя колы дэманструюць нізкі ўзровень зацікаўленасці ў пошуку рашэнняў, паколькі разумеюць надуманасць прэтэнзій, што ім прад’яўляюцца».
«Беларускі бок зыходзіць з таго, што рана ці позна Еўразвязу прыйдзецца разарваць гэтае заганнае кола і вярнуцца да нармальнага дыялогу. Мы разлічваем, што нашым еўрапейскім калегам хопіць на гэта мудрасці», - заявіў начальнік упраўлення інфармацыі МЗС Беларусі.