BE RU EN

Працаўнікі Магілёўскага домабудаўнічага камбіната гатовыя страйкаваць

  • 21.10.2011, 17:49

У арганізацыі створаны страйкам.

Перадумовамі для перадстрайкавай сітуацыі сталі перыядычныя затрымкі з выплатай заробкаў на 10 і больш дзён працаўнікам на працягу апошніх некалькіх месяцаў. Акрамя гэтага, за апошні месяц працоўныя атрымалі на 40-50% меншыя заробкі па параўнанні з мінулым месяцам, перадае ПЦ «Вясна».

«Працаўнікі арганізаваліся і самастойна правялі два сходы, на якіх быў створаны страйкам, - каментуе сітуацыю каардынатарка свабоднага прафсаюза металістаў па Магілёўскай вобласці Галіна Лісіцына, - ягоным кіраўніком абраны сябар нашага прафсаюза».

Галіна Лісіцына адзначае, што працаўнікі ўжо былі гатовыя страйкаваць, аднак на пасяджэнні прафсаюза было абмеркаванне сітуацыі, якая склалася. Людзям параілі пачакаць, пакуль незадаволенасць выйдзе за межы адной брыгады і сітуацыя будзе больш вострая.

«Мы дапамаглі працаўнікам выпрацаваць патрабаванні да адміністрацыі прадпрыемства. Сярод патрабаванняў - пераіндэксацыя заробкаў за перыяд затрымкі іх выплаты, даплаты заробкаў за мінулы месяц і адсутнасць пераследу сябраў страйкама», - кажа каардынатарка свабоднага прафсаюза металістаў па Магілёўскай вобласці.

Галіна Лісіцына кажа, што гэтыя патрабаванні былі перададзеныя адміністрацыі прадпрыемства. У выпадку, калі адміністрацыя не прыслухаецца да іх, будзе пададзена скарга ў камісію па працоўных спрэчках, а потым у суд. У выпадку, калі сітуацыя не вырашыцца ў бліжэйшы час, працаўнікі пяройдуць да метадаў барацьбы з наймальнікам за страйк, тым больш, што такое права ў іх замацаванае працоўным кантрактам.

«На прадпрыемстве новы дырэктар. Ён працуе на сваёй пасадзе ўсяго другі месяц. Ён вусна абяцаў разабрацца ў сітуацыі, якая склалася, аднак паглядзім на гэта», - адзначае Галіна Лісіцына.

Апошнія навіны