Былы офіс БНФ да гэтага часу пустуе
- 25.10.2011, 12:51
Былы офіс партыі і праз тры месяцы нікому не патрэбны.
Выселілі адтуль партыю БНФ, каб заняць памяшканне для ўласных патрэб, але яно стаіць зусім пустое. «Еўрарадыё» паспрабавала адхапіць пустуючы офіс у вельмі зручным месцы.
У аддзеле нежылога фонду ЖРЭУ Савецкага раёна запал журналістаў хутка астудзілі: маўляў, не спрабуйце нават - памяшканне здаваць у арэнду больш не будуць.
«Бессэнсоўна, - заявіла супрацоўніца ЖРЭУ. - Яно аформленае для ўласных патрэб. Тое, што ЖЭС не займае, гэта не значыць, што яго трэба здаваць у арэнду. Яно на афармленні на ЖЭС і зусім не будзе здавацца».
Але ў ЖЭСе, які знаходзіцца побач з управай, адказалі, што яны памяшканнем не распараджаюцца.
«Там калі і будуць здаваць, то праз ЖРЭУ. Яны ўжо самі будуць вырашаць. Гэта вам трэба да іх ісці», - перанакіравалі журналістаў таму.
Праз суд памяшканне вызвалялі для патрэбаў ЖЭС, таму яшчэ год яно будзе выкарыстоўвацца камунальнікамі, кажа кіраўнік ЖРЭУ Савецкага раёна Анатоль Ярашэвіч:
«Дадзенае памяшканне высялялася пад патрэбы ЖЭС. На працягу года дадзенае памяшканне будзе выкарыстоўвацца і выкарыстоўваецца пад ЖЭС. А потым яго аддадуць пад цэнтр сацыяльнай абароны».
Улетку арэнда офіса каштавала каля 8 мільёнаў рублёў на месяц. За тры месяцы прастою на ёй можна было б зарабіць, як мінімум 32 мільёны (каля 2 тысяч еўра). Будынак пусты, праз вокны бачна, што там нічога не рабілася, на сценах ўсё яшчэ застаюцца надпісы, пакінутыя былымі гаспадарамі.
Дарэчы, за гэтыя надпісы ў дачыненні да Партыі БНФ можа быць распачатая крымінальная справа. За пашкоджаную маёмасць ЖРЭУ патрабуе грошай.
«ЖРЭУ Савецкага раёна, якое распараджаецца гэтым офісам, напісала заяву, што мы пашкодзілі гэты офіс і нанеслі шкоду камунальшчыкам ў памеры 19 мільёнаў рублёў», - кажа намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў.
Акрамя як за надпісы на сценах, грошы хочуць спагнаць за падраную лакіроўку падлогі, вокнаў, за знятыя дзверы, якія з'яўляюцца ўласнасцю БНФ і рабіліся пад замову ўжо пасля засялення.