Зміцер Дашкевіч: Гэтыя 9 месяцаў даліся мне як гадоў 9 катаргі
- 4.10.2011, 11:28
Палітвязню неабходная аперацыя на калене.
Аб гэтым ён напісаў у лісце да хроснай маці Наталлі Ясевіч.
У чарговым лісце з-за кратаў лідэр «Маладога фронту» Зміцер Дашкевіч распавядае аб навіслай над ім небяспецы. Ён называе апошнія дзевяць месяцаў, праведзеныя за кратамі, самымі цяжкімі ў жыцці. Палітвязень таксама ўпершыню згадвае пра намер патрабаваць правядзення аперацыі на калене.
«Вось я на новым месцы сваёй дыслакацыі. Што тут будзе да чаго не ведаю, але ў любым выпадку - радаснага мала. Адзінае цяпер надзея на Госпада, што Ён мяне адсюль вызваліць. Як я мару пра гэта! Як я мару аб нашай сустрэчы! Пра тое, як мы сядзем за столік, ля вогнішча з шашлыкамі ў нашым садзе! - піша Дашкевіч. - Не ведаю, ці пісаў я раней - вы запісаныя ў маёй асабістым справе. Гэта значыць, што вы на правах роднага мне чалавека можаце мяне наведаць на кароткатэрміновае і нават доўгатэрміновае спатканне. Гэта пры тым страшным развіцці падзей, калі я буду і надалей у зоне.
Я, дарэчы, думаю пісаць заяву з просьбай зрабіць мне на калене аперацыю, на меніск. Для гэтага павінны везці мяне ў Менск, на Валадарку - там зараз тая лкарня, якая была раней на Кальварыйскай. Аднак, вядома, малюся я з усіх сіл, каб мне вырвацца адсюль і ўбачыць вас на волі. Больш нічога мне для шчасця не трэба, як толькі быць побач з вамі ўсімі... І я ўжо адчуваю, што доўга без вас я не вытрымаю... Сіла мая мяне пакідае... Здаецца мне, што няма ні пачатку, ні канца гэтага жаху, у якім я жыву апошнія месяцы. Аглядаюся назад і не разумею, як я ўсё гэта пераадолеў, і яшчэ менш разумею, як гэта можна пераадольваць далей?.. Маліцеся за мяне, міленькая мая, каб быў я да вас вернуты... Бо інакш жыць я не магу... Гэтыя 9 месяцаў даліся мне як гадоў 9 катаргі. Шклоў - гэта проста нішто ў параўнанні з тым, што вымушаны я быў прайсці і праходжу яшчэ зараз. Можаце ўявіць сабе такое і мой духоўны стан? Я і сам уявіць не магу. Думаю пра ўсё гэта і трашчыць галава... У прамым і пераносным значэнні... Добра, не буду больш Вас мучыць сваім болем...».
Нагадаем, што ў зняволенні лідэр «Маладога фронту» знаходзіцца з канца снежня 2010 года. У сакавіку яго прысудзілі нібыта за «хуліганства» да двух гадоў калоніі.