BE RU EN

Зміцеру Дашкевічу дазволілі спатканне з бацькам

  • 6.10.2011, 11:29

Спатканне павіннае адбыцца на працягу бліжэйшага месяца.

Каля двух тыдняў таму Дашкевіча перавялі з калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць) у выпраўленчую калонію № 13 Глыбокага (Віцебская вобласць), якая лічыцца адным з самых суровых месцаў зняволення ў Беларусі.

28 верасня на прэс-канферэнцыі ў Менску Ірына Халіп, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава, перадала журналістам словы свайго мужа, які бачыўся з Дашкевічам на этапе ў Магілёўскім СІЗА і нейкі час знаходзіўся з ім у адной камеры. «Ратуйце Дашкевіча любымі шляхамі, інакш ён не выжыве», - перадаў Саннікаў праз свайго адваката. Невядомыя людзі нібыта папярэджвалі Дашкевіча, што ў Глыбокім ў яго будуць сур'ёзныя праблемы.

Варта адзначыць, што ў Горках стаўленне адміністрацыі калоніі да Дашкевіча было жорсткім: ён часта трапляў у штрафны ізалятар, яму не дазвалялі сустрэчы не толькі з роднымі, але і з адвакатам. 13 верасня Дашкевіч абвясціў галадоўку, пратэстуючы супраць умоваў утрымання ў калоніі, якую спыніў пасля таго, як яго этапавалі ў іншае месца.

Як паведаміла БелаПАН праваабаронца Анастасія Лойка, 28 верасня Дашкевіча ўжо ў глыбоцкай калоніі наведала адвакатка, па словах якой, ягоны стан асцярогаў не выклікае. «Як распавяла нам адвакатка, у фізічным плане ў Дашкевіча праблемаў няма, ён ні на што не скардзіўся. Але ў псіхалагічным плане ў яго, вядома, ёсць некаторая прыгнечанасць. Усё ж такі тыдзень этапавання гэта вялікі стрэс», - адзначыла Лойка.

Апошнія навіны