Беларускі дыктатар абразіў Вестэрвеле і Сікорскага
- 7.10.2011, 14:10
На прэс-канферэнцыі расейскіх СМІ Лукашэнка «кінуў камень у агарод» МЗС Польшчы і Германіі.
Аляксандр Лукашэнка заяўляе, што палітыка Польшчы з'явілася адной з падставаў няўдзелу рэспублікі ў саміце «Усходняе партнёрства» і сцвярджае, што краіна не паддасца на «правакацыі» польскіх палітыкаў на свой адрас, перадае «Інтэрфакс-Захад».
«Мы не збіраемся паддавацца на правакацыі Польшчы, гэта нашыя суседзі, мы біцца з імі не хочам. Але запяваламі ў гэтым з'яўляюцца палякі», - заявіў А. Лукашэнка ў пятніцу на прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў.
Ён адзначыў, што ў Польшчы «вялікія дзеячы спяць і бачаць, што мяжа праходзіць каля Менска». «Але палітыкі прыходзяць і сыходзяць, пройдзе і гэта», - сказаў кіраўнік дзяржавы.
А. Лукашэнка адзначыў, што не атрымаў запрашэння на саміт «Усходняе партнёрства», які праходзіў у Варшаве, нягледзячы на тое, што на гэтае мерапрыемства былі запрошаныя кіраўнікі іншых дзяржаваў. «Паеду я ці не - пытанне дзесятае, але запрасіць прэзідэнта туды, дзе ўдзельнічаюць прэзідэнты іншых краін, яны былі абавязаныя», - сказаў беларускі дыктатар.
«У іх усё дрыжала там унутры: прыедзе Лукашэнка і што скажа? Што пачуюць ад яго палякі?», - казаў ён.
А. Лукашэнка адзначыў, што пасля таго, як Беларусь панізіла ўзровень свайго ўдзелу ў Саміце, кіраўніку беларускай дыпмісіі ў Польшчы абмежавалі ўдзел у мерапрыемствах Саміту. Пасля гэтага краіна прыняла рашэнне аб няўдзеле ў гэтым мерапрыемстве.
Кіраўнік таксама адзначыў, што рэзалюцыю па Беларусі, якая была прапанаваная да падпісання на Саміце, не падтрымалі кіраўнікі іншых дзяржаваў. Асабліва актыўна выступілі супраць гэтага дакумента Грузія і Азербайджан. «Гэта было для іх (для Польшчы - ІФ) ударам», - сказаў А. Лукашэнка.
Ён таксама нагадаў, што Беларусь пагадзілася ўдзельнічаць у праекце «Усходняе партнёрства», бо першапачаткова ў межах праекта меркавалася эканамічнае супрацоўніцтва і палітычны дыялог. Аднак у выніку ўсё скончылася вылучэннем ў дачыненні да Беларусі палітычных патрабаванняў, што для рэспублікі непрымальна.
«Я выбары праводзіў па паняццях Еўрапейскага Звяза, мы цалкам сышлі ад нашага заканадаўства», - заявіў А. Лукашэнка.
У сувязі з гэтым, як перадае АФН, ён распавёў расейскім журналістам, як мімаволі пакрыўдзіў кіраўнікоў знешнепалітычных ведамстваў ФРГ і Польшчы, раскрытыкаваўшы гомасэксуальныя адносіны. Пры гэтым Лукашэнка нібыта не змог з першага разу вымавіць слова «гомасэксуалізм», удакладніўшы пасля некалькіх спроб «як гэта... мужык з мужыком... гомасэксуалізм»
«Вось калі лесбіянкі - гэта мужыкі вінаватыя, але гэта памяркоўна... але мужыкі - я гэтага не разумею». А. Лукашэнка ўдакладніў, што выказаў свой пункт гледжання па гэтым пытанні на сустрэчы з кіраўнікамі еўрапейскіх знешнепалітычных ведамстваў, калі абмяркоўвалася пытанне аб свабодзе сходаў.
«Вестэрвеле (Гіда Вестэрвеле - кіраўнік МЗС ФРГ - ІФ), ён да гэтага часу мне гэта нагадвае. Да гэтага часу раскайваюся, хто мяне за язык цягнуў? Я не пакрыўдзіць яго хацеў. Калі яму гэта падабаецца і там гэта прынята... але гэта за мяжою майго разумення. Я гэта сумленна і сказаў», - завяршыў Лукашэнка.