BE RU EN

«Развіваць» Інтэрнэт будуць карнікі і цэнзары

  • 10.11.2011, 14:50

Стала вядома, хто ўвайшоў у савет па развіцці інфармацыйнага грамадства пры прэзідэнце.

У савет па развіцці інфармацыйнага грамадства пры Лукашэнку ўвайшлі 20 чалавек. Адзіным прадстаўніком прыватнага бізнесу абраны Андрэй Нарэйка, кіраўнік асацыяцыі «Белінфакам».

Склад савета і фармат ягонай працы зацверджаны ў палажэнні, што прыкладаецца да ўказа прэзідэнта № 515 «Аб некаторых пытаннях развіцця інфармацыйнага грамадства ў Рэспубліцы Беларусь». Указ быў падпісаны прэзідэнтам 8 лістапада, паведамляе IT.TUT.BY.

У адсутнасці прэзідэнта (старшыні савета) дарадчым органам будуць кіраваць намеснік прэм'ера Анатоль Калінін (намеснік старшыні савета) і/або памочнік прэзідэнта Віктар Лукашэнка (намеснік старшыні савета). Сакратаром савета прызначаны Усевалад Янчэўскі - памочнік прэзідэнта, начальнік галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення адміністрацыі прэзідэнта.

Акрамя іх, у раду ўвайшлі Сяргей Абламейка (рэктар БДУ), Валерый Вакульчык (старшыня следчага камітэта), Ігар Войтаў (старшыня ДКНТ), Віктар Гумінскі (намеснік старшыні ПП НС), Сяргей Гурулёў (старшыня дзяржаўнага ВПК), Вадзім Зайцаў (старшыня КДБ), Анатоль Куляшоў (міністр унутраных справаў), Мікалай Ладуцька (старшыня Менгарвыканкама), Сяргей Маскевіч (міністр адукацыі), Андрэй Нарэйка (кіраўнік асацыяцыі «Белінфакам»), Мікалай Панцялей (міністр сувязі і інфарматызацыі), Алег Праляскоўскі (міністр інфармацыі), Анатоль Русецкі (кіраўнік прэзідыума НАН РБ), Уладзімір Сянько (намеснік старшыні праўлення Нацбанка), Валерый Цапкала (дырэктар адміністрацыі ПВТ) і Сяргей Шпегун (начальнік ААЦ).

Сярод кіраўнікоў дзяржаўных структур і органаў адзіным прадстаўніком прыватнага бізнесу абраны менавіта старшыня праўлення Асацыяцыі «Белінфакам», кандыдат фізіка-матэматычных навук Андрэй Нарэйка. Яму 47 гадоў, ён працаваў дэпутатам другога склікання Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Беларусі, у цяперашні час таксама кіруе ТАА «Прафесійныя радыёсістэмы».

Савет будзе збірацца не радзей чым раз на паўгады каб «вызначаць мэты і задачы дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі, метадаў і спосабаў яе рэалізацыі». Акрамя таго, рада зоймецца каардынацыяй дзейнасці дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных структур у галіне развіцця інфармацыйнага грамадства ў Беларусі. Яшчэ адна задача савета - каардынаваць працу і развіццё дзяржаўнай сістэмы аказання электронных паслугаў.

Сябры савета будуць абмяркоўваць меры па ўмацаванні інфармацыйнай бяспекі, інтэграцыі дзяржаўных інфармацыйных сістэм, мер дзяржпадтрымкі развіццю інфармацыйнага грамадства ў краіне і, як вынік, фармуляваць канкрэтныя прапановы па паляпшэнню сітуацыі.

Пры савеце будзе функцыянаваць сталая працоўная група пад кіраўніцтвам сакратара савета - яна зоймецца падрыхтоўкай прапановаў і планаў працы кожнага з пасяджэнняў савета.

З інфармацыйнага і арганізацыйна-тэхнічнага боку дзейнасць савета і ягонай сталай працоўнай групы забяспечаць адміністрацыя і кіраванне справамі прэзідэнта Беларусі.

Нагадаем, пасля стварэння савета частка экспертаў выказала меркаванне, што новая структура працягне абмяжоўваць свабоду ў Інтэрнэце.

Апошнія навіны