Партыі БНФ зноў прыйшлося вызваліць офіс
- 2.11.2011, 12:42
Партыя БНФ 1 лістапада цалкам вызваліла памяшканне менскага офіса па адрасе: вул. Крапоткіна, 93а.
Пра гэта паведаміў БелаПАН намеснік старшыні партыі Рыгор Кастусёў.
Па ягоных словах, ёсць варыянты размяшчэння ў новым офісе. Кастусёў выказаў надзею, што сітуацыя вырашыцца станоўча і ў канцы гэтага - пачатку наступнага тыдня будзе заключаная дамова аб арэндзе новага памяшкання.
Партыя БНФ 26 ліпеня гэтага года была афіцыйна выселеная са свайго цэнтральнага офіса па праспекце Машэрава, 8, які арандавала з 1992 года. Дамова аб арэндзе новага офіса на Крапоткіна была заключаная на год, да сярэдзіны ліпеня 2012 года, аднак у верасні ўладальнік папрасіў у бліжэйшы час пакінуць памяшканне. Такое рашэнне ён аргументаваў асабістымі прычынамі, у прыватнасці намерам прадаць памяшканне.