64 арганізацыі заклікаюць Менск неадкладна вызваліць Бяляцкага
- 25.11.2011, 12:49
64 праваабарончыя арганізацыі, сябры і партнёры сеткі Дамоў правоў чалавека, рашуча асуджаюць прысуд Алесю Бяляцкаму.
Пра гэта гаворыцца ў сумесным звароце праваабаронцаў да Аляксандра Лукашэнкі, а таксама генпракурора Аляксандра Канюка і кіраўніка Мінюста Аляксандра Білейчыка, піша БелаПАН.
«Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна зняць усе абвінавачванні з Бяляцкага і спыніць яго крымінальны пераслед, - гаворыцца ў заяве. - Мы лічым, што Бяляцкі быў пакараны за свой удзел у справе абароны правоў чалавека ў Беларусі. Справа Бяляцкага - гэта яшчэ адзін крок беларускіх уладаў супраць праваабаронцаў, каб прымусіць замаўчаць галасы, якія нагадваюць пра абавязальніцтвы Беларусі ў сферы правоў чалавека».
Зварот падпісалі праваабарончыя арганізацыі Азербайджана, Бельгіі, Босніі і Герцагавіны, Вялікабрытаніі, Грузіі, Даніі, Літвы, Расеі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Швецыі.