Польскі суд таксама забараніў бел-чырвона-белы сцяг
- 28.11.2011, 16:07
Суд у Быдгошчы адхіліў апеляцыю Ігара Шчэкарэвіча на рашэнне пракуратуры гэтага ж горада.
Нагадаем, што пракуратура прызнала правільнай забарону бел-чырвона-белага сцяга падчас баскетбольнага матчу Беларусь-Літва чэмпіянату Еўропы сярод жанчын. Актывіст Цэнтра «Супрацоўніцтва без межаў» Ігар Шчэкарэвіч быў адным з заўзятараў, якім ахова забараніла выкарыстоўваць беларускія нацыянальныя сцягі, паведамляе «Еўрарадыё».
Пракуратура горада Быдгошча патлумачыла сваё рашэнне тым, што бел-чырвона-белы сцяг«не з'яўляецца абавязковым нацыянальным сцягам Беларусі».
Нагадаем, што інцыдэнт з забаронай беларускага сцяга адбыўся 25 чэрвеня ў польскім Быдгошчы. Служба аховы стадыёна, на якім праходзіла гульня, перашкаджала групе беларускіх заўзятараў разгарнуць бел-чырвона-белыя сцягі, а потым з ужываннем сілы выдаліла беларусаў са стадыёна. Адмову заўзятараў выйсці з залы польская пракуратура расцаніла як «актыўны супраціў супрацоўнікам аховы». Ужыванне сілы ахоўнікамі пракуратура не лічыць правапарушэннем.