BE RU EN

Калякіну пагражае крымінальная справа за кветкі Леніну

  • 8.11.2011, 12:23

Лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін 8 лістапада быў апытаны ў Маскоўскім РУУС па факце ўскладання сябрамі партыі кветак да помніка Леніну.

Як раней перадаваў БелаПАН, прадстаўнікі «Справядлівага свету» традыцыйна кожны год 7 Лістапада ўскладаюць кветкі да помніка Леніну. У гэтым годзе ў мерапрыемстве прынялі ўдзел 30-40 чалавек. Пасля ўскладання кветак Калякін выступіў з кароткай прамовай перад аднапартыйцамі.

«У РУУС мяне пыталіся, чаму мы ўскладалі кветкі, як можна ахарактарызаваць гэтае мерапрыемства, чаму не падавалі заяўку на яго правядзенне, што падчас інтэрв'ю пыталіся журналісты і што я ім адказваў. Па выніках гутаркі быў складзены пратакол апытання», - паведаміў Калякін.

У адказ на пытанні палітык растлумачыў, што ўскладанне кветак не падпадае пад закон аб масавых мерапрыемствах, бо не можа падпадаць пад тлумачэнне шэсцяў, мітынгаў, дэманстрацый. «Гэта было традыцыйнае партыйнае мерапрыемства, якое мы праводзім тры разы на год», - сказаў ён.

У РУУС Калякіну паведамілі, што пратакол апытання будзе перададзены следству, якое правядзе праверку, ці было парушэнне закона. «Калі будзе парушэнне закона, то, магчыма, будзе ўзбуджаная і справа па гэтым пытанні», - адзначыў ён.

Апошнія навіны