У ініцыятыўнай групе Уса ўжо больш за 700 чалавек
- 9.11.2011, 8:51
Кандыдат у прэзідэнты і вязень сумлення Зміцер Ус нядаўна абвясціў пра пачатак кампаніі па зборы подпісаў за ўнясенне змяненняў у Выбарчы кодэкс.
Палітык заявіў, што ў ініцыятыўную групу ўжо запісаліся больш за 700 чалавек. Пры тым, што, згодна з дзеючым заканадаўствам, у складзе групы павінна быць не менш за 100 чалавек.
Але Ус на гэтым не збіраецца спыняцца. У інтэрв'ю charter97.org ён заявіў, што запіс у ініцыятыўную групу будзе працягвацца да сярэдзіны студзеня. Ён разлічвае, што ў яе склад увойдуць 2-3 тысячы чалавек, якія будуць збіраць подпісы за ўнясенне змяненняў у заканадаўства пасля рэгістрацыі групы.
Нагадаем, што, згодна з Канстытуцыяй, «палатка» можа ўхваліць законапраект, калі пад ім падпішуцца 50000 выбаршчыкаў. Усе подпісы ініцыятыўная група павінная сабраць за месяц з моманту сваёй рэгістрацыі.
Ус мае намер змяніць тры артыкулы Выбарчага кодэкса: 34, 35 і 72. Ён мае намер дамагчыся таго, каб кандыдаты мелі права накіроўваць ва ўчастковыя камісіі сваіх прадстаўнікоў. Спіс такіх прадстаўнікоў варта падаваць у органы, якія фарміруюць участковыя камісіі, за 15 дзён да галасавання. Прадстаўнікам павінныя падаць пасведчанні сябраў камісіі на працягу трох дзён.
А яшчэ Зміцер Ус прапануе надзяліць сябраў участковай камісіі, якія прадстаўляюць кандыдатаў, правам ставіць свой подпіс са зваротнай боку кожнага бюлетэня. На ягоную думку, такія меры дапамогуць пазбегнуць незаконнага укідвання бюлетэняў у скрыні падчас датэрміновага галасавання і фальсіфікацый непасрэдна падчас падліку галасоў.
Зміцер Ус таксама паведаміў для жадаючых запісацца ў ініцыятыўную групу яе кантактны тэлефон: 8-029-170-71-75. Ён спадзяецца падчас гэтай кампаніі растлумачыць ўсім тым, хто гэтага яшчэ не зразумеў, што ў Беларусі няма і не можа быць выбараў пры дзеючым заканадаўстве, і без яго змены весці гаворку пра якія-небудзь выбары немагчыма.