Пара ўдарыць па балючым месцы Лукашэнкі
- 1.02.2011, 13:43
ЗША тры гады таму даказалі, што толькі эканамічныя санкцыі супраць беларускай дыктатуры могуць вызваліць палітычных зняволеных.
Амерыканскія эксперты Дэвід Крамер і Ёрг Форбрыг лічаць, што ўслед за візавымі абмежаваннямі ЕЗ павінен падтрымаць ЗША і ўвесці супраць рэжыму Лукашэнкі эканамічныя санкцыі. Нягледзячы на тое, што думаюць з гэтай нагоды ў Маскве.
Пасля падробленых выбараў у снежні суровыя меры беларускага ўрада толькі пагоршылі бядотнае становішча дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і СМІ, піша The Financial Times.
У адказ краіны ЕЗ ўводзяць новыыя забароны на ўезд і замарожваюць актывы Аляксандра Лукашэнкі і ягоных памагатых. «Гэты крок вітаецца, але яго недастаткова. Зараз самы час ударыць Лукашэнку па балючым месцы - ягонай эканоміцы», - пішуць аўтары артыкула Дэвід Крамер і Ёрг Форбрыг, выканаўчы дырэктар Freedom House ў Вашынгтоне і кіраўнік праграм Фонд Маршала «Германія - ЗША».
«Па-першае, ЕЗ павінен замарозіць актывы дзяржаўных - іншымі словамі, якія належаць Лукашэнку - беларускіх кампаній і іх падпаддзяленняў. ЗША тры гады таму даказалі, што такія меры працуюць, калі былі заблакаваныя ўклады нафтавай манаполіі «Белнафтахім», што прымусіла Лукашэнку вызваліць палітвязняў», - гаворыцца ў артыкуле.
Па-другое, ЕЗ павінен перагледзець сваё спажыванне тавараў, якія экспартуюцца з Беларусі. Продаж прадукцыі нафтахіміі, у асноўным Еўропе, прыносіць істотны прыбытак Беларусі. Аднак дызельнае паліва, вырабленае беларускімі НПЗ, складае толькі 1% ад спажывання ЕЗ, так што спыненне гэтага гандлю нанесла б невялікі ўрон Еўропе, але стала б буйным эканамічным збоем для Лукашэнкі.
Беларусі таксама неўзабаве спатрэбіцца фінансаванне крэдытаў, бо яе рэзервы скарачаюцца, а доўг патрабуе аплаты. Пакуль зняволеныя не адпушчаныя, ЕЗ павінен блакаваць крэдытныя лініі, лічаць аўтары. І нарэшце, Лукашэнка доўгі час займаўся сумнеўнымі продажамі ўзбраенняў для папаўнення сваёй казны. Далейшыя такія продажы павінныя быць заблакаваныя.
«Некаторыя могуць занепакоіцца, што, прасоўваючы такія жорсткія меры, ЕЗ і ЗША паставяць супраць сябе Расею (якая лічыць Беларусь сваёй сферай уплыву), іншыя асцерагаюцца, што карныя меры штурхнуць Лукашэнку ў абдымкі Масквы. Але ні адзін з гэтых аргументаў не павінен перашкодзіць дзеянням, - перакананыя Крамер і Форбрыг. - Расея ставіцца да Лукашэнкі скептычна і наўрад ці пойдзе на сустрэчныя меры. У мінулым санкцыі ўводзіліся таму, што Лукашэнка дрэнна ставіўся да ўласнага народа, незалежна ад таго, якія адносіны ў Масквы і Менска, і гэты падыход не павінен змяняцца».