BE RU EN

Шушкевіч: Дыктатар прызнае толькі мову сілы

  • 10.02.2011, 10:33

У Еўразвяза ёсць рэальная магчымасць аказаць сур'ёзны ціск на рэжым Лукашэнкі.

У студзені ЕЗ абвясціў аб увядзенні санкцый супраць аўтарытарнага беларускага рэжыму ў адказ «на масавыя арышты і пераслед прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці з моманту прэзідэнцкіх выбараў».

Першы кіраўнік незалежнай пасля распаду СССР Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які спецыяльна прыбыў у Брусель па гэтай нагодзе, распавёў «Journal Europa» аб сваім пункце гледжання на занадта мяккую палітыку Еўразвяза ў дачыненні да апошняй дыктатуры Еўропы.

- Як вы можаце растлумачыць такое доўгае знаходжанне ля ўлады Аляксандра Лукашэнкі?

- Што такое дыктатура? Гэта рэжым, які трымаецца на крайняй цэнтралізацыі і жорсткасці улады. Лукашэнка быў абраны дэмакратычным шляхам у 1994 годзе і з тых часоў застаецца ў руля з дапамогай фальсіфікацый выбараў. Першыя і апошнія па-сапраўднаму дэмакратычныя выбары ў Беларусі адбыліся ў 1994 годзе. Пасля гэтага Лукашэнку атрымалася засяродзіць у сваіх руках усю ўладу, прычым не без садзейнічання Расеі. Калі ў 1996 годзе парламент паспрабаваў пачаць працэдуру імпічменту супраць Лукашэнкі, цэлых тры прадстаўнікі Расеі ўзялі на сябе пасярэдніцтва ў перамовах, аднак на самой справе яны толькі дапамаглі ўмацаваць дыктатуру.

- Як можна растлумачыць паводзіны беларускага народа, які, як бачна, не праяўляе асаблівага абурэння з нагоды пагаршэння сітуацыі?

- Вы павінныя зразумець, што мы адрозніваемся ад французаў і карані гэтых адрозненняў сыходзяць у гісторыю. Тлумачыць сітуацыю і геаграфічнае становішча Беларусі, якая знаходзіцца ў зоне, якая заплаціла цяжкую даніну падчас усіх канфліктаў, што бушавалі ў Еўропе. Не варта таксама забывацца на тое, што прапарцыйна памеру яе насельніцтва ў Беларусі загінула больш за ўсё людзей падчас Другой сусветнай вайны. Паўтарыўся гэты сцэнар і падчас уводу савецкіх войскаў у Афганістан: Беларусь страціла больш за ўсё салдат сярод усіх народаў СССР. Такая гісторыя, што нярэдка прыводзіла да трагічных падзей, навучыла беларусаў галоўнаму: выжываць. Мы ўмеем гэта лепш за каго б там ні было.

Такім чынам гісторыя сфарміравала народ, які заўсёды ў незалежнасці ад знешніх падзей быў вымушаны шукаць спосабы для выжывання ў любой сітуацыі. Гэтая ягоная якасць настолькі моцная, што мне здаецца, што калі б у Беларусі быў арганізаваны звонку голад, як ва Ўкраіне ў 1930-х гадах, беларусы верагодна знайшлі б магчымасці адолець яго. Галоўнай задачай заўсёды было выжыванне, і сёння сітуацыя не змянілася. Такая пакутлівая гісторыя душыць імкненне заявіць пра сябе і тармазіць фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці.

- Ці можна сцвярджаць, што аранжавая рэвалюцыя, якая ў выніку прыняла далёка не лепшы абарот, адштурхнула беларусаў ад думкі паўтарыць такі ж сцэнар у сваёй краіне? Ці тлумачыцца гэтым адносная слабасць народнага руху пасля выбараў?

- Я б не сказаў, што народны рух у Беларусі было слабым. З улікам асаблівасцяў Беларусі, дзе ўдзельнікам маніфестацый пагражае сур'ёзная небяспека (міліцыя наглядна прадэманстравала, што ў рэпрэсіях ўсе роўныя, і не пашкадавала ні пажылых людзей, ні нават прысутных там дзяцей), сабраць 30-40 тысяч чалавек - гэта сапраўдны поспех. Ёсць тут і яшчэ адзін немалаважны элемент, Расея, якая іграе прыкметную ролю, падтрымліваючы Лукашэнку.

- Еўрапейскі парламент прадэманстраваў свой інтарэс да Беларусі, арганізаваўшы дэбаты па гэтай праблеме. Ці можа Еўропа сапраўды паўплываць на тое, што адбываецца ў Беларусі?

- Ведаеце, я ўжо даволі даўно асабіста знаёмы з Ежы Бузекам (старшыня Еўрапарламента, заўв. рэд.) І, прыехаўшы ў Брусэль, я пытаўся ў сябе, як я змагу растлумачыць яму ўсё тое, што адбылося ў Беларусі з моманту выбараў. Тым не менш, я быў вельмі ўзрадаваны тым, што мае суразмоўцы валодаюць вельмі дакладным разуменнем таго, што на самой справе адбываецца ў маёй краіне, у сувязі з чым мы можам адразу перайсці да абмеркавання. Чаго нельга сказаць аб іншых краінах, дзе мы вымушаныя падрабязна тлумачыць тое, што адбылося да таго, як пачаць абмеркаванне магчымых адказных мер.

- Як вы глядзіце на палітыку Еўрапейскага Звяза ў дачыненні да Беларусі, якая ўжо шмат гадоў вагаецца паміж жорсткасцю і гатовасцю пайсці на саступкі?

- Спадзяюся, што Еўрапарламент у будучыні адмовіцца ад устанаўлення дыялогу з рэжымам Лукашэнкі. Зразумела, што цяперашні старшыня Еўрапарламента не збіраецца рухацца да якога б тое ні было збліжэння з беларускімі ўладамі. У той жа час сапраўдная праблема заключаецца ў тым, што ніхто дакладна не ведае, як дабіцца ўстойлівага і пазітыўнага рашэння сітуацыі. Рэакцыя некалькіх еўрапейскіх дэпутатаў, і, перш за ўсё, палякаў, шчыра мяне кранула. Мы бачым, што да нас праяўляюць спачуванне. Тым не менш, рэакцыя дэпутатаў іншых краін крыху палохае. Я бачыў першыя варыянты рэзалюцый па Беларусі ... Ці атрымаюць яны рэальную вагу або так і застануцца на паперы? Пажывем пабачым.

- Дык якім жа, як вы думаеце, будзе ў выніку стаўленне з боку ЕЗ?

- Я размаўляў са спадаром Фюле, камісарам ЕЗ па пытаннях пашырэння і палітыцы суседства, і ён растлумачыў нам, што ўвядзенне санкцый супраць беларускага рэжыму звязанае са складанымі працэдурамі і адпаведна з'яўляецца доўгім працэсам. Я ўсё разумею, аднак неабходна, каб рэакцыя Еўропы была больш жорсткай. Дыктатар прызнае толькі мову сілы, і я веру, што Еўропа павінная знайсці магчымасці перайсці на яе.

Калі прыняць пад увагу, што 50% беларускага экспарту ідзе на еўрапейскі рынак, а практычна ўсе прадпрыемствы-экспарцёры належаць дзяржаве, у нас з'яўляецца рэальная магчымасць аказаць вельмі моцны ціск, прыстрашыўшы перакрыць усе пастаўкі ў Еўропу. Я спадзяюся, Еўропа рушыць услед прыкладу ЗША, якія ўвялі супраць Лукашэнкі больш жорсткія санкцыі. І акрамя забароны для Лукашэнкі на ўезд у Еўропу трэба адначасова спрасціць працэс выдачы віз для беларускіх грамадзян.

- Разам з Барысам Ельцыным і Леанідам Краўчуком вы з'яўляецеся адным з трох чалавек, якія паскорылі распад СССР і падпісалі дакумент аб тым, што Савецкі Саюз «спыняе сваё існаванне». Доўгі час вы казалі пра тое, што вельмі гэты ганарыліся. Аднак, гледзячы на аўтарытарныя, а часам і мафіёзныя рэжымы, якія зацвердзіліся ў тых, хто прыйшоў на змену СССР дзяржавах, што вы думаеце пра гэта сёння?

- Я па-ранейшаму ганаруся гэтым, няхай я і ўсяго толькі арганізаваў сустрэчу, якая скончылася такой гучнай заявай. Гэты падпісаны ў снежні 1991 года дакумент прынёс вельмі многае. Аднак яшчэ больш я ганаруся тым, што ў бытнасць кіраўніком дзяржавы настаяў на тым, каб ператварыць Беларусь у бяз'ядзерную дзяржаву і вярнуць у Расею ўсё успадкаваныя з савецкіх часоў ядзерныя боегалоўкі. Сёння ўсе мы разумеем важнасць таго, што ў Лукашэнкі няма такой зброі.

Апошнія навіны