BE RU EN

Foreign Policy: За Мубаракам трэба сысці і Лукашэнку

  • 14.02.2011, 13:31

Амерыканскі часопіс Foreign Policy у артыкуле «Хто наступны» задаецца пытаннем, хто з дыктатараў павінен сысці пасля Хосні Мубарака ў Егіпце.

У спісе пяці «тыранаў», складзеным для часопіса арганізацыяй Freedom House, за нумарам пятым стаіць Аляксандр Лукашэнка, перадае «Радыё Свабода».

Спіс адкрывае кіраўнік Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір, які кіруе краінай з 1994 года. Перад ім 46 гадоў Паўночнай Карэяй кіраваў ягоны бацька, Кім Ір Сен. Паколькі пасада прэзідэнта засталася назаўжды замацаваная ў канстытуцыі 1998 года за Кім Ір Сенам, Кім Чэн Ір кіруе дзяржавай як старшыня Нацыянальнага камітэта абароны. Часопіс нагадвае, што Кім Чэн Ір, які хварэе, імкнецца зрабіць палітычным пераемнікам свайго сына Кім Чэн Уна. Паводле ацэнак, у Паўночнай Карэі каля 150 тысяч чалавек знаходзяцца ў турмах і працоўных лагерах па палітычных прычынах.

Пад нумарам другім у спісе знаходзіцца кіраўнік Лівіі Муамар Кадафі, які знаходзіцца ля ўлады з 1969 года. У Кадафі няма ніякага афіцыйнага звання ці пасады. Паводле ацэнак, у Лівіі каля паўтысячы палітычных зняволеных.

Нумар тры - 86-гадовы Роберт Мугабэ, прэзідэнт Зімбабвэ з 1987 года. У пачатку сваёй кар'еры Мугабэ ўспрымаўся на Захадзе як герой нацыянальна-вызваленчай барацьбы свайго народа супраць белых каланізатараў, як другі Нэльсан Мандэла. Зараз Мугабэ паўсюдна лічыцца адным з найбольш крывавых і жорсткіх дыктатараў у свеце. Зімбабвэ - краіна-рэкардсменка па тэмпах збяднення і інфляцыі.

Нумар чатыры - браты Кастра, Фідэль (нар. 1926) і Раўль (н. 1931), на Кубе. Іхняя ўлада пачалася з Кубінскай рэвалюцыі 1959 года. Фідэль, улічваючы стан здароўя, перадаў кіраўніцтва дзяржаўнымі справамі Раулю ў 2006 годзе.

Пра Аляксандра Лукашэнку (нумар пяць) Foreign Policy адзначыў:

«Аляксандра Лукашэнку па праву называюць апошнім дыктатарам Еўропы. І сапраўды, 16 гадоў ягонага праўлення зрабілі з Беларусі палітычную і эканамічную пустэчу. У глыбіні душы Лукашэнка застаецца чалавекам эпохі Брэжнева: ягоная спецслужба ўсё яшчэ карыстаецца абрэвіятурай КДБ. Лукашэнка выкарыстаў кожны трук з падручніка аўтарытарызму, каб маргіналізаваць апазіцыю. (...) Нягледзячы на ягоную жорсткасць, стан гэтага палітычнага дыназаўра далёка не бяспечны. Лукашэнка «афіцыйна» атрымаў неверагодную падтрымку 80 адсоткаў галасоў на прэзідэнцкіх выбарах у снежні мінулага года, але вынікі былі шырока асуджаныя як ашуканскія. І калі тысячы дэманстрантаў выйшлі на вуліцы Менска, спецназаўцы не пашкадавалі дубінак і арыштавалі сотні дэманстрантаў. Сярод арыштаваных апынуліся і кандыдаты ад апазіцыі, некаторыя з якіх апынуліся пад пагрозай турэмнага зняволення на больш чым 10 гадоў. Лукашэнка здзекліва пракаментаваў гэта: «Больш бязглуздай дэмакратыі ў краіне не будзе».

Апошнія навіны