BE RU EN

Ханс-Георг Вік: Існаванне Еўразвяза - галоўная пагроза для ўлады Лукашэнкі

  • 24.02.2011, 10:59

24-25 лютага ў Вене на сесіі Парламенцкай асамблеі Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ) будуць разглядаць пытанне аб закрыцці офіса АБСЕ ў Менску.

«Радыё Свабода» звярнулася за каментарыем з гэтай нагоды да былога кіраўніка місіі Ганса-Георга Віка.

- Вельмі шкада, што беларускія ўлады закрываюць місію. Беларусь - удзельніца АБСЕ, і апошнія падзеі паказалі, што краіне да гэтага часу не хапае свабодных і справядлівых выбараў. Таму застаецца патрэба ў кансультацыях з нагоды працэсу трансфармацыі. Я ўсё яшчэ спадзяюся, што літоўскае старшынства АБСЕ здолее дамовіцца з Беларуссю аб тым, каб місія зноў адкрылася. У адваротным выпадку прыйдзецца шукаць іншыя шляхі, каб забяспечыць Беларусь кансультацыямі і прадухіліць паўтарэнне такіх падзей, як жорсткія дзеянні супраць кандыдатаў у прэзідэнты ўвечары 19 снежня.

- Некаторыя прадстаўнікі беларускага апазіцыі крытыкуюць палітыку Еўразвяза і іншых еўрапейскіх структур апошніх гадоў у дачыненні да Беларусі. Асноўная заўвага ў тым, што беларускія ўлады ўспрымаюць спробы дыялогу, як знак слабасці Еўропы.

- Я думаю, што гэта пытанне палітычнай культуры. У вачах некаторых людзей, дыялог - знак слабасці. На думку іншых, і я адзін з іх, дыялог - гэта неабходны элемент адносінаў з Беларуссю з боку асобных краін, Еўразвяза і АБСЕ. Але гэты дыялог не павінен абмяжоўвацца перамовамі з прадстаўнікамі ўрада, што ў цяперашні час прыпыненая ў сувязі з падзеямі 19 снежня, але таксама ўключаць у сябе кантакт з грамадзянскай супольнасцю.

- Але ці не лічыце вы, што беларускія ўлады сапраўды глядзелі на спробы дыялогу з боку Еўропы, як на прыкмету слабасці?

- Не. Іх рэакцыя 19 снежня не была выкліканая слабасцю Еўразвяза, але наадварот, прывабнасцю Еўразвяза для насельніцтва Беларусі і паслабленнем пазіцый цяперашняга прэзідэнта краіны.

Таму ён вярнуўся да таго, што выкарыстоўваў раней - да сілавога падаўлення ўласнага насельніцтва і сапраўдных вынікаў выбараў.

- Якія крокі маглі б зрабіць Еўразвяз і АБСЕ, каб паспрыяць вызваленню палітвязняў?

- Яны павінныя настойваць на неадкладным вызваленні палітвязняў, як яны рабілі гэта ў мінулым. Яны таксама павінныя ўсімі магчымымі спосабамі аказваць дапамогу сем'ям тых асоб, у тым ліку палітыкаў, якія ў цяперашні час незаконна трымаюцца пад вартай. Тут ёсць абмежаванні, як мы ведаем. Але выкарыстанне сілы тут ёсць праявай слабасці з боку беларускіх уладаў. Яны нанеслі велічэзную шкоду свайму нацыянальнаму і міжнароднаму прэстыжу. Яны пра гэта даведаліся і ад Масквы - ад сваіх суседзяў, на якіх яны так разлічваюць.

- На вашу думку, ці мае Еўразвяз рычагі ўплыву, каб пераканаць беларускія ўлады вызваліць палітвязняў?

- Рычагі ўплыву тут занадта слабыя слова. Існаванне Еўразвяза ў непасрэдным суседстве з Беларуссю - гэта галоўная пагроза для захавання ўлады Лукашэнкі. Не ў сённяшняй і не ў заўтрашняй перспектыве, але калі глядзець на больш доўгі перыяд часу. Выкарыстанне ім сілы пасля выбараў было накіраванае на тое, каб здушыць намаганні па збліжэнні з Еўразвязам. Сам па сабе Еўразвяз з'яўляецца найбольш прывабным у Беларусі - не Масква і не рэжым.

- Гэта значыць вы лічыце, што само па сабе існаванне Еўразвяза - гэта пагроза для ўлады Лукашэнкі ў доўгатэрміновай перспектыве?

- У ягоным разуменні міжнароднага становішча краіны - так. Не ў сэнсе ваеннай пагрозы, але ў сэнсе цывілізацыйнай альтэрнатывы існуючай палітычнай і эканамічнай сістэме, якая грунтуецца на адвольным выкарыстанні сілы і планавай эканоміцы, якая мала канкурэнтаздольная на еўрапейскім і наогул на міжнародным рынку.

Апошнія навіны